У панядзелак і аўторак у Вільні – сустрэчы, прысвечаныя асобе і творчасці беларускага класіка Якуба Коласа. Віленскі Цэнтр беларускай культуры і супольнасці запрашае на 2 сустрэчы.
12 жніўня лекцыю «Вядомы і невядомы Колас: псеўданімы, вайна і ненапісаны твор» прачытае коласазнаўца і музеязнаўца Алесь Крыжэвіч. Гаворка пойдзе пра малавядомыя факты з жыцця і творчасці класіка. 13 жніўня, у Дзень памяці Якуба Коласа, арганізатары прапануюць вечарыну, альтэрнатыўную ўскладанню кветак да помнікаў.
У праграме: прагляд дакументальнай стужкі «Народны паэт» (1952), расповед Алеся Крыжэвіча пра месцы літоўскай сталіцы, звязаныя з жыццём Якуба Коласа і адлюстраваныя ў яго творах. Будзе закранутая таксама тэма першых кніг Коласа, што выходзілі ў Вільні.
Падчас кожнай з сустрэч запланаваная гутарка з аўдыторыяй, у прыватнасці, можна будзе паразважаць пра тое, ці з’яўляецца Колас выключна савецкім паэтам, а можна — пра яго творы, нават напісаны пад пільным наглядам цэнзараў, хаваюць глыбокія і змястоўныя алегорыі на лёс беларусаў. Час: 18:00 (час мясцовы). Месца: Vilniaus, 20 (Вільня).
У Кракаве 13-га жнізня, прапануюць знаёмствы – speed friending. Гэта мерапрыемства з хуткімі знаёмствамі для тых, хто хоча пашырыць кола зносін, знайсці новых знаёмых альбо проста правесці час у кампаніі прыемных людзей! “У нас будзе магчымасць пагутарыць у групах і парах. Незалежна ад узросту і інтарэсаў, кожны знойдзе тут свайго суразмоўца!” – упэўненыя арганізатары. Падзея будзе ладзіцца ў “Прасторы” (ul. Mikołajska 4/6), пачатак у 19:30.
Ва Уроцлаве 14-га жніўня выступіць Palina. Інды-поп спявачка і аўтарка з Менска, якая стварае электронныя балады – у іх можна пачуць чуллівы мінімалізм. Атмасферу яе трэкаў вызначае пяшчотны і адначасова пранізлівы вакал. Час: 20.00 (час мясцовы). Месца: Klub Łącznik, Tramwajowa 1-3, Уроцлаў.
І таксама ў Варшаве працягваецца выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE». Канцэпцыя падзеі грунтуецца на акцыях і перформансах Пушкіна, якія ён праводзіў у Беларусі з 1989 года, і тэмах, якія застаюцца актуальнымі. На імпрэзе будуць прадстаўленыя працы Алеся Пушкіна, Руфіны Базловай, Аляксандра Васюковіча, Андрэя Дурэйкі, Яны Шостак і іншых. Куратар выставы – Андрэй Дурэйка.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя