Прапануем пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.

У пятніцу, 16 жніўня, у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане адбудзецца творчая сустрэча з Таццянай Нядбай, паэткай і прэзідэнткай Беларускага ПЭНу. Пагавораць пра літаратару на свабодзе і за кратамі, у Беларусі і ў эміграцыі, пачытаюць літаратурныя творы. Можна будзе набыць кнігі палітвязняў Максіма Знака і Алеся Бяляцкага. Сустрэча пройдзе на беларускай і ангельскай мовах. Уваход вольны.
У суботу, 17-га жніўня, у Варшаве – сустрэча з Кацярынай Маціеўскай. Госця – перакладчыца, лаўрэатка Прэміі імя Карласа Шэрмана. І нагода выдатная: 17 жніўня ў выдавецтве «Янушкевіч» выходзіць перавыданне першых трох кніг з цыкла Анджэя Сапкоўскага пра Ведзьмара. Кніжны клуб пройдзе ў нефармальнай абстаноўцы.

Абмяркуюць, з якімі цяжкасцямі Кацярына сутыкнулася пры перакладзе; як яна падыходзіла да культурна-спецыфічных элементаў, такіх як польскі фальклор ці гістарычныя адсылкі; які падыход дзяячка абрала да перакладу ўласных імён і тапонімаў. Усе ўдзельнікі змогуць набыць кнігі з цыкла пра «Ведзьмара» па спецыяльнай цане. Уваход на мерапрыемства вольны. Пачатак у 17-00. Месца – «Кнігаўка».
У суботу ў Варшаве выступіць Зміцер Вайцюшкевіч. У Beer Station Praga – прахалодны летні канцэрт. Абяцае новыя і даўно знаёмыя песні. Сяброўская атмасфера, смачнае піва, добрая музыка — усё як мае быць у суботні вечар.
Таксама ў суботу ў Варшаве – вялікі электрычны канцэрт гурта “Дай Дарогу!” да Народзінаў Юры Стыльскага. У праграме толькі правераныя часам баевікі і прэм’ера доўгачаканага хіта. Падзея адбудзецца на летняй сцэне Odessa Club.
У нядзелю 18 жніўня ў Сан-Хасэ – выступ Сяргея Башлыкевіча. Лідар гурта «Leibonik» завітае да беларусаў Сан-Францыска і зайграе канцэрт.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя