У Вільні – спектакль «Крыніцы святла». У аўторак і сераду, 2 і 3 ліпеня, студэнцкі тэатр Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта запрашае на пастаноўку па п’есе Андрэя Іванова.
У Гданьску 3-га ліпеня – лекцыя Дзяніса Місюлі «Айдэнтыка, якая прыносіць прыбытак». Дзяніс Місюля – заснавальнік брэндынгавага агенцтва «Малако», раскажа пра тое, чаму ў аднаго брэнда ёсць ідэя, а ў другога яе ніхто не заўважае. Слухачы атрымаюць практычныя парады, як шукаць і развіваць ідэі для брэндаў і як рабіць іх працоўнымі і прыбытковымі. Лекцыя будзе карысная графічным дызайнерам, спецыялістам, якія працуюць у брэндынгу, маркетолагам і ўладальнікам кампаній.
У чацвер – сустрэча з псіхолагам у Варшаве. “Крызіс пераезду і адаптацыі ў новай краіне”. Тут можна даведацца, што адбываецца з чалавекам пры змушаным пераездзе, як перажыць рэлакацыю і інтэгравацца ў новае грамадства, а таксама як зрабіць месца, дзе вы зараз жывяце, сваім домам.
У Берліне 4-га ліпеня – перфарматыўнае чытанне «Па што ідзеш, воўча?» Рына — алкагалічка, ей каля 40. Яна вяртаецца з Дармштадта ў сваю родную вёску на Палессі, у Беларусі, на пахаванне сваёй 102-гадовай бабулі. За сваё доўгае жыццё бабуля перажыла дзве вайны, дзевяць змен улады і перанос межаў у роднай вёсцы. У плыні свядомасці, у якой унутраны маналог унучкі цяжка адрозніць ад маналогу бабулі, уздымаецца забытая і падаўленая тэма: каланізацыя Усходняй Еўропы. Рэжысура і сцэнічны дызайн — Моніка Дабраўлянска.
У Варшаве 5-га ліпеня – сустрэча з Косцем Каверыным. Будзе адначасова і стэндап, і размова з гледачамі, і спроба ўсім разам знайсці адказ на беларускае пытанне: «Што далей?»
Ва Уроцлаве з 5-га па 7-ае ліпеня – фестываль S V A E. У праграме: Купалле з KRIWI, паход з «ІдзеМЫ ў горы», ёга, заняткі ад «Мова Нанова», забавы і майстар-класы, спартыўныя актыўнасці, сплаў на байдарках, лазня ды іншае.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!