BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей за мяжой


Варшава. У аўторак, 18-га чэрвеня, пройдзе вечарына да 100-годдзя Васіля Быкава.

У праграме — аповед пра біяграфію пісьменніка і невялікі фільм пра апошнія гады яго жыцця. На сустрэчы выступяць сябры пісьменніка, у тым ліку Зянон Пазняк. Таксама запланаваная віктарына па творах пісьменніка і чытанні ўлюбёных урыўкаў з яго твораў.


У сераду, 19-га чэрвеня, Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю «Доўгая дарога дадому: Васіль Быкаў і Беларусь».

21, 22 і 23-га чэрвеня ў польскай сталіцы – спектакль «Зэкамерон» пісьменніка, палітвязня і адваката Максіма Знака, які быў асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён напісаў «Зэкамерон» у камеры папярэдняга зняволення. Купалаўцы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з Уладзімірам Пугачам маюць гонар спрычыніцца да творчасці Максіма і падзяліцца сваімі ўражаннямі.

17-га чэрвеня – «Інтэрв’ю. Шчырасць»: гутарка з Юры Дзіваковым у Варшаве. Праект нарадзіўся ў Менску, у «Тэатры На Балконе». Вядоўца — Андрэй Саўчанка.

Гданьск. 20 чэрвеня, у чацвер, прыбывае Піт Паўлаў, фронтмэн гурта «N.R.M.», з сольным музычна-гумарыстычным праектам. Падчас выступу таксама будзе маркет беларускіх майстроў, дзе можна набыць вырабы ручной працы.

Кракаў. У панядзелак, 17-га чэрвеня, – дзіцячы спектакль «Нататкі таткі». Пастаноўка складаецца з маленькіх гісторый-эцюдаў на вершы Андрэя Хадановіча. Публіка ўбачыць сусвет штодзённых важных спраў дзяцей, які сутыкаецца з сусветам штодзённых важных абавязкаў дарослых.
Таксама 17-га чэрвеня – нефільтраваны жаночы стэндап у Кракаве.

Вільня. У аўторак, 18-га чэрвеня, адбудзецца прэзентацыя кнігі вершаў Ігара Кулікова «Бяскрай». У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя са жніўня 2020 года па сакавік 2024-га, а таксама жменя ранейшых. Ігар Кулікоў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. Скончыў філфак БДУ. Піша вершы, перакладае паэзію і часам прозу, пераважна з санскрыту і ангельскай.

Таксама 18-га  чэрвеня ў Вільні – спектакль «Ціхары». Пастаноўка распавядае пра будучыню – 2030 год. Вайна ва Украіне завяршылася перамогай Кіева, і Пуцін націснуў ядзерную кнопку. Свет разбураны, але ў адным бункеры, як ні ў чым не бывала, праходзіць суд за ўдзел у пратэстах у Беларусі 2020 года. Рэжысёрка — Аляксандра Дзянісава.


У Лейпцыгу 18-га чэрвеня, пройдзе паказ фільму «COURAGE». Па сеансе будзе гутарка з рэжысёрам Аляксеем Палуянам.

Беларускае Радыё Рацыя