BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у замежжы

Пагартаем культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках замежжа ў будныя дні.

Берлін, аўторак, 14-га траўня – творчая сустрэча з Šuma. Удзельнікі праекта Марына Шукюрава і Аляксей Будзько паразмаўляюць з мадэратарамі пра пратэсты, іх ангажаванасць і погляд на грамадска-палітычную і (поп)культурную сітуацыю ў Беларусі і ў эміграцыі. У чацвер музыкі зладзяць аналагічную сустрэчу ў Боне.

Фота: budzma.org

Таксама ў Берліне працягаецца выстава беларускіх мастакоў у выгнанні «Часам я трымаюся за паветра». Маладыя мастакі азіраюцца на пратэсты, якія карэнным чынам змянілі іх жыццё, і на гады, што наступілі пасля. У сваёй творчасці яны закранаюць рэпрэсіі ў Беларусі і страх, які не заканчваецца нават у эміграцыі. Сярод удзельнікаў – Аляксандр Адамаў, Разаліна Бусел, Анастасія Пальчукевіч і іншыя.

У Кракаве працягваецца выстава Ксеніі Грыцкевіч «Voicelessness». У цэнтры падзеі — аповед пра эмоцыі, схаваныя глыбока ўнутры, і пра спосаб іх выхаду на паверхню.

Ва Уроцлаве у сераду, 15-га траўня, – сустрэча з фатографкай Марыяй Карнеенкай. Аўтарка — візуальная мастачка, займаецца фатаграфіяй, калажом і жывапісам. Нарадзілася ў Гомелі, зараз жыве ў Варшаве. Уваход на падзею вольны.

У чацвер, 16-га траўня, у Вільні – вечарына памяці беларускага патрыёта Міраслава Лазоўскага – грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў «Белага Легіёну», камандзіра падраздзялення батальёна «Волат» Палка Каліноўскага. 16-га траўня мінулага году баец загінуў, прыкрываючы адыход пабрацімаў у Бахмуце (Украіна). У праграме: успаміны пра Міраслава як дзеяча і асобу ад тых, хто яго ведаў; расповед пра адметныя бітвы ВКЛ ад гісторыка Віктара Якубава; любімыя песні Міраслава ад барда Змітра Бартосіка; выступ гурту сярэднявечнай музыкі Lity Taler.

У пятніцу, 17 траўня, у Мюнхене адбудзецца дабрачынны канцэрт «Для палітвязынак». Выступаюць мясцовыя гурты «Panama Offshore Trust (POT)» і «Fomori». Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку ініцыятывы «Палітвязынка».

У пятніцу, 17 траўня, у Вільні адкрываецца выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Snake charmer». А у нядзелю, 19 траўня, у межах выставы Анастасія Рыдлеўская правядзе аўтарскі майстар-клас. «Snake charmer» — гэта даследаванне чалавечай псіхікі, сатканае з сімвалаў і псіхалогіі, праз якое мастачка запрашае вас сустрэцца з унутранымі дэманамі і адправіцца ў падарожжа самапазнання.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя