BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей за мяжой

Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.

У Вільні ў панядзелак, 8-га ліпеня, – танцавальны майстар-клас «Пластыка цела». Тут можна навучыцца адчуваць сваё цела і ўключаць яго напоўніцу ў танцы, каб перадаваць ім эмоцыі.

Ва Уроцлаве працягваецца выстава беларускіх, польскіх і ўкраінскіх мастакоў «Што было сном, было домам». Праект запрашае асэнсаваць паняцце дому як першасны вобраз, што вызначае нашыя ўяўленні.  Да фатаграфічнага праекта «DOM.» Аляксандра Кот-Зайцава куратары запрасілі мастакоў з Беларусі, Польшчы і Украіны, каб тыя сваімі працамі стварылі дыялог на прапанаваную Аляксандрам тэму.

У Берліне 9-га ліпеня – прэзентацыя кнігі Ганны Комар «Калі я выйду на волю». Аўтарка распавядзе пра працэс стварэння кнігі ад ідэі да рэалізацыі, пачытае ўрыўкі з яе і адкажа на пытанні. Пасля прэзентацыі можна будзе набыць кнігу.

10-га ліпеня ў Вільні – агляд трэндаў развіцця культурніцкіх прастор.

Сузаснавальніцы CreateCulture Space запрашаюць прадстаўнікоў хабаў, крэатыўных суполак, і ўсіх зацікаўленых на агляд трэндаў і тэндэнцый развіцця еўрапейскіх культурніцкіх прастор і хабаў. Таксама раскажуць падрабязней пра некаторыя прасторы, пра свой досвед ментарскай падтрымкі з боку найбуйнешай сеткі Trans Europe Halles.

11-га ліпеня – лекцыя Юліі Лісай «Станіслаў Жукоўскі. Чаму геній не стаў класікам». Станіслаў Жукоўскі — жывапісец родам з Беларусі, які працаваў у Маскве і Варшаве, але ніколі не меў усенароднай папулярнасці. Чаму так атрымалася? Якія сэнсы ў яго карцінах не адгукнуліся сэрцам публікі? Як чытаць мастацкую прастору? Пра гэта – на сустрэчы.

У Вільні 11-га ліпеня – прагляд фільма «Возера Радасці». У маленькай беларускай вёсцы, дзе час, здаецца, спыніўся, жыве дзевяцігадовая дзяўчынка Яся. Пасля таго, як памірае яе маці, бацька адпраўляе дачку ў прытулак, з якога Яся вырашае ўцячы і вярнуцца дадому. Па сеансе заставайцеся абмеркаваць уражанні разам з рэжысёрам Аляксеем Палуянам, які далучыцца анлайн.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя