Прапануем пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей за мяжой.
У Варшаве 31-га ліпеня завяршаецца выстава Андрэя Куніна «Каханне і тыгры». «Падзея складаецца з карцін, якія з’яўляюцца выказваннем майго мастацкага бачання, што нясуць пазітыўны настрой, якім я хацеў бы падзяліцца з вамі», — кажа творца. Андрэй Кунін — мастак, выпускнік Акадэміі мастацтваў у Менску і WSSiP у Лодзі.

У Вільні 31-га ліпеня беларускі музыка Раман Арлоў сыграе канцэрт. Артыст — кампазiтар, адзiн з заснавальнікаў гурта J:MORS. Аўтарства шмат якiх хiтоў J:MORS (напрыклад, «Маё сонца») належыць Раману. І гэтыя песні прагучаць на імпрэзе. Таксама спадар Раман выканае «Будзьма Беларусамi», «Станцыя» ды абсалютна новыя песнi, напрыклад, паланэз «Вяртанне».
Таксама ў Вільні – прэзентацыя кнігі Марыі Гулінай «Ляцела белая птушка». «Я пішу нататкі пра падарожжы, пачынаючы з першай дзіцячай вандроўкі да мора. Чым далей, тым больш важнымі рабіліся ні самі вандроўкі, ні змена малюнка за вакном, а нябачная, але глыбокая сувязь, якую атрымліваецца ўсталяваць з горадам, месцам, чалавекам — і няважна, на год ці на дзень», — кажа спадарыня Марыя. Аўтарка — журналістка і пісьменніца, працавала рэдактаркай анлайн-часопіса 34travel, валанцёрыла ў экалагічнай арганізацыі ў Чэхіі, будавала экасцежкі на Байкале, спрабавала сябе ў якасці матроса паруснага карабля каля ўзбярэжжа Партугаліі і шукала сляды сямейнай гісторыі на Камчатцы. Успаміны гэтых ды іншых вандровак у новай кнізе. Уваход на імпрэзу вольны.

У фармаце анлайн 31-га ліпеня будзем шукаць адказ на пытанне “Сучаснае беларускае мастацтва — якое яно?”. Спікерка – Вольга Мжэльская. Тут пагутарым пра рознае, але збольшага пра беларускае мастацтва. Чым яно ўнікальнае? Чаму яно такое, а не іншае? Ці будзе развівацца беларускі арт-кірунак і якімі шляхамі? Чаму важна купляць і калекцыянаваць беларускае мастацтва? На сустрэчы можна прысутнічаць пад псеўданімам і без відэа/аўдыё для вашай бяспекі.
І таксама 31-га ліпеня ў Варшаве нас чакае кінапрагляд з юрыстамі “Забіць перасмешніка”. На такіх сустрэчах глядзяць і абмяркоўваюць фільмы, якія ўздымаюць няпростыя пытанні ўзаемаадносін дзяржавы, грамадства, права, законаў, асобы, прававых механізмаў і працэдур. Гэтым разам глядзяць фільм «Забіць перасмешніка». Стужка менавіта пра тое, у чым сапраўднае прызначэнне адвакатаў, чаму без сумленных, адданых справе спецыялістаў немагчыма існаванне нават чалавечнасці. Да ўдзелу запрашаюцца не толькі юрысты. Уваход вольны.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя