Прапануем разам пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках свету.
У Познані працягваецца тэатральны фестываль «Другая спроба». У пятніцу чакаецца лекцыя Анастасіі Васілевіч па сучасным беларускім тэатры. Таксама пройдзе спектакль Вольгі Кебас «Exi(s)t». У суботу – чытка твору Марыі Бяльковіч «Дзе застаюцца сляды» і спектакль «Адзінота» тэатра «Эмігрант». Таксама на завяршэнне імпрэзы адбудзецца дыскусія пра тэатр у іміграцыі.

20 і 21 верасня беларускія літаратаркі Света Бень, Ганна Комар і Вольга Гапеева бяруць удзел у паэтычным фестывалі ў Осла. У пятніцу – літаратурная размова з паэткай, пісьменніцай і лінгвісткай Вольгай Гапеевай пра паэзію ў кантэксце таго, што адбываецца ў Беларусі, і пра мову як цэнтральнае месца ў ідэнтычнасці ў эміграцыі. А пасля – выступленне Светы Бень. Да таго ж Марына Гобель, Вольга Гапеева і Ганна Комар пачытаюць вершы на беларускай, англійскай і нарвежскай мовах. А ў суботу Ірына Шувалава і Ганна Комар сустракаюцца ў размове пра тое, калі культура і палітыка перасякаюцца, пра паэзію ў апазіцыі. Прыклады будуць з Украіны, Беларусі і Расеі. Яны таксама падзеляцца вершамі ўласнага сачынення. Размова будзе адбывацца на англійскай мове.
У Варшаве 20 і 21 верасня купалаўцы граюць спектакль «Зэкамерон» паводле твораў Максіма Знака. Аўтар асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён напісаў «Зэкамерон» у камеры папярэдняга зняволення. Купалаўцы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з Уладзімірам Пугачам маюць гонар спрычыніцца да творчасці Максіма і падзяліцца з вамі сваімі ўражаннямі.
У суботу, 21 верасня, у Шчэціне грае канцэрт гурт :B:N:. Музыкі выканаюць нашыя любімыя трэкі. Велізарная энергія, пазітыў, новыя знаёмствы. Музыка :B:N: — гэта мікс сучаснага і класічнага еўрапейскага року з меладычным вакалам і дынамічным гітарным гучаннем.
У суботу, 21 верасня, у Празе стэндапер Антон Дзюбайла прадставіць беларусам сваю сольную праграму «Беларус без Беларусі», поўны новых і найлепшых жартаў. Будзе шмат пра мову, эміграцыю і Беларусь.
21 верасня, у суботу, у Кракаў прыбывае з сольным канцэртам Піт Паўлаў. Тут – канцэрт-стэндап, канцэрт-монаспектакль: жарты, гутаркі з залай і, канешне ж, добрая музыка.

У нядзелю, 22 жніўня, у Варашве – канцэрт Вольгі Подгайскай (арган) і Аляксандра Пораха (жывая электроніка). Музыкі зайграюць свае творы, спалучаючы гучанне аргана з тэмбрамі сінтэзатараў. Мы пачуем аповед пра месца чалавека на зямлі, пра мімалётнасць і бясконцую сілу творчасці. Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы ксяндза Вячаслава Барка.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя





