У сераду, 2 кастрычніка, у Вільні зладзяць шахматны квіз ад беларускага гросмайстра Валерыя Казакоўскага. Для ўдзелу ў падзеі не абавязкова ведаць шахматы — пытанні разлічаныя на логіку і эрудыцыю. Удзельнічаць могуць і дарослыя, і дзеці: для іх прадугледжаныя асобныя трэніроўкі па шахматах.
А ў Беластоку 2 кастрычніка – прэзентацыя кнігі Алеся Белага «Самы Цымус». Нас чакае сустрэча з аўтарам – адным з найлепшых знаўцаў традыцыйнай кухні. На прэзентацыі яго новай кнігі «Самы Цымус» абяцаюць15 захапляльных нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў. Мы адкрыем стравы беларускай і габрэйскай кухні, пазнаем іх гісторыю і сакрэты прыгатавання.
У Варшаве ў гэты ж дзень – другая сустрэча клуба беларускага кіно «Кінакола». Гэтым разам пакажуць дакументальны фільм «Мара», а пасля прагляду адбудзецца сустрэча з яго аўтаркай Сашай Кулак. Менск, 2020 год, масавыя пратэсты. Сярод людзей нечакана з’яўляецца міфічная постаць — Мара… У гэтай стужцы, што спалучае дакументальнае і ігравое кіно, пераплятаюцца рэчаіснаць і сны, вобразы дабра і зла, казка і хорар. Арганізатар і вядучы «Кінакола» — Мікалай Лаўранюк.
У пятніцу, 4 кастрычніка, у Рызе адбудзецца прэзентацыя кнігі паэткі і перакладчыцы Насты Кудасавай і ілюстратаркі Святланы Дземідовіч «Побач».
У чацвер, 3 кастрычніка, Беларускі інстытут у Празе запрашае на дыскусію «Як утаймаваць тырана?». Там разгледзяць пытанні стварэння шляхтай ВКЛ прававых рамак і практычных дзеянняў дзеля супраціўлення абсалютысцкім памкненням манарха.
Індзі-фольк гурт «Няміга» зайграе незвычайны канцэрт «Ай, дачка»: 4-га кастрычніка – у Беластоку, 5-га – у Варшаве. Нас чакае музычнае прадстаўленне, якое аб’яднае песні з тэатральнай пастаноўкай. Музыкі раскажуць уласную казку з элементамі славянскага фальклору.
У пятніцу, 4 кастрычніка, Bourbon Man вязе ў Рыгу дозу бруднага блюзу. Загадкавы і змрочны хлопец з Менска, грае трэш-блюз на трохструннай гітары і перкусіі. Мы пачуем гісторыі пра алкаголь, жанчын і тыповыя блюзавыя тэмы. Уваход вольны.
У пятніцу, 4 кастрычніка, у Вільні — музычны вечар з гуртом «Кашлаты Вох». Абяцаюць праслухоўванне новага рэлізу. Будзе магчымасць сустрэцца з музыкамі гурта, паслухаць аповед вакаліста Вячкі пра тое, як адбываўся запіс альбома, праз які development hell прайшоў гурт, як перарадзіўся і чым дыхае цяпер.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя