BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей за мяжой

Прапануем пагартаць культурны каляндар беларускіх падзей уза мяжой у будныя дні.

У сераду, 29-га траўня, – у Вільні і анлайн адбудзецца лекцыя «Трэнды сучаснай літаратуры: чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак». Лектар — Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык, пісьменнік. На падзеі  разгледзяць актуальныя трэнды ў сусветнай літаратуры і прааналізуюць спіс топ-100 па версіі New York Times Books. Разбяруць, якія перашкоды стаяць перад кожнай нацыяй на шляху да заходняга рынку і чаму кнігі з Беларусі не ўпісваюцца ў мэйнстрымнасць сучаснай літаратуры. Спадар Ціхан раскажа пра ўплыў сусветных тэндэнцый на развіццё беларускага літаратурнага асяроддзя і як гэта можа адлюстравацца на якасці і разнастайнасці нашай творчасці. Працоўная мова — беларуская. Уваход вольны.

Ва Уроцлаве ў сераду, 29-га траўня – «Беларус без Беларусі»: сольны стэндап Антона Дзюбайлы. Будзе шмат пра мову, эміграцыю і Беларусь.

У Варшаве 29-га ж – гурт «Касіяпея» ладзіць выступ. І прэзентуе сінгл «Лавец сноў».

У пятніцу, 31-га траўня, у Вільні з канцэртам VOLSKI. Абяцаюць два аддзяленні: святочная прэзентацыя «Hramadaznaŭstva» і найулюбёнейшыя хіты.

У пятніцу ж у Вільні – прэм’ера тэатральна-музычнай імпрэзы «Купала. Пачатак». Праект, створаны па матывах п’есы Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц», распавядае пра жыццёвы выбар Янкі Купалы напачатку яго творчага  шляху ва ўмовах акупацыі краіны Расейскай імперыяй. Унікальнае спалучэнне тэатра лялек «Батлейка+» і музычнай афарбоўкі ад «Хора вольных беларусаў». Мова — беларуская.

І таксама на Падляшшы пачынаццае фестываль SONCAHRAJ. У Беластоку, Вітаве, Супраслі і Навасадах. У межах яго пройдзе шэраг канцэртаў, дзе сярод іншага будуць гучаць аўтэнтычныя спевы і традыцыйная музыка Беласточчыны. Можна будзе разам гуртамі Żemerwa і Osoczniki (Бельск Падляшскі) занурыцца ў магію традыцыі беларусаў Падляшша і Заходняга Палесся, зладзіць танцавальныя варштаты разам з Беларускай капэлай з Гданьска, пачуць традыцыйныя песні беларусаў Беласточчыны ў выкананні калектываў Zhraja і Kudziela (Беласток).

У Берліне працягаецца выстава беларускіх мастакоў у выгнанні «Часам я трымаюся за паветра». Маладыя мастакі азіраюцца на пратэсты, якія карэнным чынам змянілі іх жыццё, і на гады, што наступілі пасля. У сваёй творчасці яны закранаюць рэпрэсіі ў Беларусі і страх, які не заканчваецца нават у эміграцыі. Сярод удзельнікаў – Аляксандр Адамаў, Разаліна Бусел, Анастасія Пальчукевіч і іншыя.

А ў Кракаве – выстава Ксеніі Грыцкевіч «Voicelessness». У цэнтры падзеі — аповед пра эмоцыі, схаваныя глыбока ўнутры, і пра спосаб іх выхаду на паверхню.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя