BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар падзей у Беларусі

Мінск. У сераду – майстар-клас па духмяных купальскіх свечках з зёлкамі. Падзею ладзіць мастачка Марына Ячмянькова ў межах сваёй выставы «Берагі лёсу». Кожны ўдзельнік атрымае карысныя практычныя веды і зробіць асабісты набор свечак з натуральных і экалагічных матэрыялаў, які будзе валодаць абярэгавымі функцыямі.

Працягвае сваю працу і выстава «Постскрыптум». Творы Аляксандра Даманава, Аляксандра Некрашэвіча, Алесі Скарабагатай і іншых аўтараў можна пабачыць да 30 чэрвеня. Усяго на выставе 35 мастакоў, за якіх наведвальнікі «Арт-Мінска» галасавалі найбольш актыўна. Куратарка — Кацярына Янкоўская.

Купалле ў Купалавым доме ў Менску адбудзецца ў пятніцу, 21-га чэрвеня. У праграме: традыцыйная музыка, купальскія песні і гульні, майстар-класы па пляценні вянкоў, лозапляценні, роспісе па тканіне, вырабе керамічных лялек, па старадаўніх песнях і танцах, а таксама квэст «Люблю Купалу».

Чатыры дні памяці Быкава ў музеі-дачы Васіля Быкава пад Менскам пачнуцца ў пятніцу, 19-га чэрвеня. Тут – экскурсія па музеі-дачы, літаратурныя размовы з наведвальнікамі, віктарына па загадкавых старонках творчасці Васіля Быкава, літаратурна-мастацкі пленэр і шматлікае іншае.

Купалле ў Дукорскім маёнтку пройдзе у суботу, 22-га чэрвеня. Вогнішча, карагоды, вянкі, зёлкі, варожбы, гульні, падарункі.

Фестываль “Свята сонца” пройдзе ў Дудутках 22-га чэрвеня. Вялікі купальскі эўпэн-эйр. На сцэне выступяць гурты Росквіт, Гурьба, КаС, Сарматы, Іван Кірчук, Fishtank, Дударев, Племя, EvthanaziA, Цемра. Адбудзецца вогненнае шоў. Удзельнічаюць Крэсіва, Кетри, Insane, Тэатр Etere, Маоры Атома, Аляксандр Коўзік. Таксама будуць працаваць этна-пляцоўка, рамесныя майстэрні, старадаўні кірмаш, абрадавая пляцоўка, прастора для спартыўных ды настольных гульняў, купальскі квэст і тэатральная сцэна, інтэрактыўныя пляцоўкі (лучны, арбалетны цір, манетны двор Вялікага Князя, намет варажэі, скаладром і г.д.). Разгарнецца і вялікі фудкорт. А апоўначы адбудзецца факельнае шэсце да ракі Пціч, на беразе якой вас чакае здабыча жывога агню і запальванне купальскага вогнішча. Там жа будуць скокі-карагоды, купальская варажба, пошукі Папараць-кветкі!

У Берасці працягваецца выстава «Берасцейшчына этнаграфічная». На ёй можна пабачыць традыцыйныя касцюмы, вясельны галаўны ўбор нявесты Драгічынскага раёна «Пава», калекцыю фартушкоў, посцілкі і ручнікі. Выставу дапоўняць фатаграфіі.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя