BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар падзей у Беларусі

У сераду, 29-га траўня, у Менску – лекцыя Аляксандры Валодзінай «Эпоха інквізіцыі: паміж ерассю і святасцю». Што трэба было, каб распачаць інквізіцыйны працэс? Катаванні: як, чаму, колькі і навошта? Ці праўдзівыя экспанаты знаходзяцца ва ўсіх гэтых шакуючых музеях? Ці можна супрацьстаяць інквізіцыі? Якія пакаранні накладаліся на вінаватых? Лектарка — Аляксандра Валодзіна, кандыдатка гістарычных навук.

                                                                                          
Таксама 29-га траўня – лекцыя Ганны Багданавай «Літаратурныя вандроўкі беларускіх ледзі». Падчас лекцыі яе госці адправяцца ў аванцюрные прыгоды з Саламеяй Гальпіравай з Русецкіх, жанчынай-лекаркай, якая знайшла сваё шчасце ў Стамбуле; даведаюцца адрасы, якія варта наведаць беларусам у Стамбуле і Санкт-Пецярбургу. Разам з Палінай Венгеравай акунуцца ў габрэйскае традыцыйнае жыццё 19 стагодзя; даведаюцца падрабязнасці пра яе насычанны вандроўкамі лёс пасля замужжа па тэрыторыі сучасных Украіны, Беларусі, Літвы і Расеі. З літаратурнымі прыгодамі беларускіх ледзі пазнаёміць Ганна Багданава — гісторык, гід, лектарка.

Таксама ў сталіцы працягваецца выстава «Шаржы на класікаў». А менавіта на вядомых паэтаў і пісьменнікаў — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Янкі Маўра, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна і іншых. На выставе мы ўбачым іх зусім іншымі — жартаўлівымі, смешнымі і па-сяброўску іранічнымі. Экспазіцыя аб’яднала матэрыялы з фондаў музея Якуба Коласа, музея Янкі Купалы, музея гісторыі беларускай літаратуры, архіва літаратуры і мастацтва, Саюза мастакоў.

Таксама ладзіцца і выстава Вадзіма Качана «Ад стужкі да лічбы. Рэтраспектыва». У экспазіцыі — каля 300 фотаработ, якія ахопліваюць вялікі перыяд творчасці спадара Вадзіма: ад першай фатаграфіі, зробленай яшчэ ў дзіцячым узросце ў 1970 годзе, да гэтага часу.

Фестываль «Арт-Мінск» – да ўвагі наведвальнікаў. Больш за 450 сучасных твораў мастацтва ад 200 мастакоў з Беларусі прадстаўленыя на падзеі. Фестываль праводзіцца штогод з 2018 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных праектаў у Беларусі.

У Віцебску – выстава Аліны Трукан «Фарбы браслаўскай вясёлкі». Спадарыня Аліна працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, стварае іконы для беларускіх храмаў.  У экспазіцыі — каля 30 жывапісных работ, створаных з 2005 па 2024 гады: пазнавальныя краявіды Браслаўшчыны, шчырае захапленне блакітам бясконцых азёр і рэк, зачараванне фарбамі кветак і прыгажосцю вясёлкі пасля дажджу.

У чацвер, 30-га траўня, – лекцыя і майстар-клас «Па адзенні сустракаюць: як адзяваліся палешукі…» у Мазыры. Правядуць іх навуковыя супрацоўніцы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марыя Віннікава і Паліна Богдан. Спікеркі распавядуць пра касцюмныя комплексы Усходняга Палесся і іх трансфармацыю ў прасторы і часе, асаблівасці сілуэтна-пластычнага і арнаментальнага рашэння ўсходнепалескага традыцыйнага касцюма.

У Берасці – канцэрт Духавога квінтэта «Музыка і зоркі». Ханс Цымер, Джон Уільямс і многія іншыя галівудскія кампазітары чэрпалі сваё бязмежнае натхненне ў музыцы Густава Холста. Мноства музычных гуртоў і выканаўцаў разнастайных стыляў і напрамкаў — Black Sabbath, King Crimson, Frank Zappa, Deep Purple, Iron Maiden, Yes — выкарыстоўвалі фрагменты сюіты «Планеты». Першае выкананне сюіты адбылося ў 1918 годзе ў Лондане, у Каралеўскай зале, а ў Беларусі адно з прэм’ерных выкананняў гэтай сюіты для духоўнага квінтэта, фартэпіяна і відэапраекцый адбудзецца цяпер ў Брэсце.

І ў Гомелі – выстава літаграфій Марка Шагала. Экспазіцыя ўключае 64 яркія шматколерныя літаграфіі, з якіх 40 – ілюструюць падзеі Старога Запавету, а 24 творы з серыі «Вокны Іерусаліма» ствараліся як эскізы вітражоў для сінагогі пры шпіталі ў Іерусаліме.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя