BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Шматко: Севераданецк быў і ёсць для мяне Украіна

У Беластоцкай мастацкай галерэі «Маршанд» адкрылася чарговая калектыўная выстава. Традыцыйна ў ёй узялі ўдзел і беларускія, і ўкраінскія мастакі, якія зараз жывуць на Падляшшы.

Сярод удзельнікаў выставы – сённяшні Госць Рацыі – мастак з Севераданецку Леанід Шматко. З ім паразмаўляў Васіль Кроква:

РР: Вы – мастак з Украіны, але як вы адчуваеце сябе тут, на Падляшшы? Ці атрымліваеце вы нейкую ўвагу? Напрыклад, галерэя «Маршанд» — ці гэта пляцоўка, дзе вы можаце дэманстраваць сваю творчасць?

Леанід Шматко: Так, для нас гэта месца для сустрэч з польскімі мастакамі і з нашымі сябрамі, з якімі мы неаднаразова сустракаліся на рознага роду пленерах. Гэта і Даніель Грамадскі, і Гжэгаж Радзевіч.

Гэта месца, дзе ты можаш пакінуць свае штодзённыя праблемы збоку і прыйсці ў тое месца, дзе табе камфортна, дзе ты адчуваеш сябе мастаком, нягледзячы на тое, што адбываецца ва Украіне. Для мяне асабліва важна, каб у кожнай маёй працы заставалася адзнака, што Североданецк, з якога мы, гэта Украіна. Маё прозвішча і імя – гэта далей Севераданецк, далей Украіна. Я працягваю занатоўваць гісторыю Севераданецка як Украіну. Нягледзячы на тое, што зараз горад акупаваны, гэта часова, як бы доўга гэта ні доўжылася.

Мы можам тут знаёміцца зусім з іншымі спосабамі працы, зусім з іншым стаўленнем да мастацтва, таму што, скажам, у тым рэгіёне, з якога я прыехаў, дамінуе школа Харкаўскай акадэміі дызайну і мастацтва.

РР: А вы таксамі вучыліся ў Харкаве?

Леанід Шматко: Я скончыў Харкаўскую акадэмію дызайну і мастацтва, але як дызайнер, хоць шмат хто з нас працуе і мастаком адначасова. Аднак у нашай акадэміі ўсё ж арыентацыя на прамысловы дызайн, прамысловую графіку і гэтак далей.

А тут мы сутыкаемся з тым, што мастацтва арыентавана больш на пачуцці, на выяўленне эмоцый, уражанняў ад прыроды ці характару чалавека, але без той акадэмічнай апрацоўкі, якая ёсць у нас. У сваіх працах мне таксама хочацца спалучаць той узровень пачуццяў, першага хуткага погляду, як мы гэта робім часам, калі ідзем па вуліцах: нас нешта ўражае, але мы проста праходзім, не маючы магчымасці ўсё разглядзець. Вось такі характар мастацтва тут. А ў нас ёсць аналіз дэталяў і гэтак далей. І хочам спалучыць усё гэта, каб захавацца свежасць погляду — як у іх, але з элементамі апрацоўкі, як у нас.

РР: Ці ўдалося вам зрабіць персанальную выставу тут?

Леанід Шматко: У мяне было дзве персанальныя выставы. Мы прыбылі сюды з жонкай. Нам дапамаглі знайсці інфармацыю пра рэзідэнцыю, якая арганізоўвалася на самым пачатку вайны для мастакоў і іх сем’яў з Украіны. Мы трапілі на такую рэзідэнцыю на Падляшшы каля беларускага мяжы — гэта былі Грушкі каля Нараўкі.

Ну і была выстава па завяршэнні, якую я назваў “Рэабілітацыя”, бо гэта была і псіхалагічная, і мастацкая рэабілітацыя. Я зрабіў персанальную выставу, якая стала падсумоўваннем гэтай рэзідэнцыі. Пазней я правёў яшчэ адну камбінаваную выставу, бо прывёз з сабою свае фатаграфіі, якія я рабіў у сваім Севераданецку на працягу 20 дзён з пачатку вайны: як знішчалі мой горад, як знішчалі маю мастацкую школу, дзе я быў дырэктарам, і як знішчалі дзіцячы садок побач. Я спалучыў гэтую выстаўку з фотаздымкамі, каб паказаць, што адбывалася. А тая частка, што была жывапісная, была прадэманстравана ў бібліятэцы ў Гайнаўцы.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Родны горад Леаніда Шматко Севераданецк зараз акупаваны расейскімі войскамі. Раней он працаваў дырэктарам дзіцячай мастацкай школы. На Падляшшы мастак жыве ўжо трэці год. Выстава ў галерэі «Маршанд», у якой бярэ ўдзел украінскі мастак, будзе працаваць да 13 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя