BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Лекцыя Снайдэра – напамін свету пра беларускія гісторыю і нацыю”

Беларускі інстытут публічнай гісторыі выклаў у сеціва лекцыю амерыканскага гісторыка Тымаці Снайдэра «Беларусь: Старажытная і сучасная”. Лекцыя стала падставай для шырокай дыскусіі пра тое, як беларуская гісторыя і ідэнтычнасць уплываюць на сучаснасць і міжнароднае ўспрыманне Беларусі. Амерыканскі гісторык падкрэсліў, што Беларусь заўсёды была скрыжаваннем культур, міфаў і глабальных плыняў, а спрошчаныя інтэрпрэтацыі мінулага часта выкарыстоўваюцца аўтарытарнымі ўладамі для легітымізацыі сваёй палітыкі.

Фота: belcollegium.com

З «Госцем Рацыі» – дырэктарам Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім пагутарым пра значэнне лекцыі Снайдэра і тое, як гісторыя можа стаць асновай для грамадзянскай і нацыянальнай самасвядомасці:

РР: Як бы Вы ацанілі лекцыю пра Беларусь і якія самыя галоўныя тэзісы, якія можна назваць? Як яны зараз бачацца?

Аляксей Ластоўскі: Гэтая лекцыя ўжо досыць нашумела. І тут важна, што Тымаці Снайдэр мабыць самы вядомы зараз гісторык, які займаецца рэгіёнам, які напісаў некалькі ключавых кніг, якія ўзначальваюць вялікі праект па пераасэнсаванні ўкраінскай гісторыі. Тут важны сам факт, што ён прачытаў публічную лекцыю ў Вене менавіта на беларускую тэматыку, пра беларускую гісторыю. Зноў жа, ён не спецыялізуецца выключна на беларускай гісторыі. Ён спецыялізуецца на гісторыі ўсяго нашага рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта нейкі зварот і разуменне таго, што беларуская гісторыя важная і вартая, такое як бы падкрэсліванне звонку яе значнасці. Мы зараз разумеем, што тут адбываецца ў часе расейска-украінскай вайны, калі ўсе вочы звернуты на гэты канфлікт. А Беларусь застаецца незразумелай тэрыторыяй, хто зараз мае над ёй уладу, паўстае пытанне суб’ектнасці. Сама лекцыя можа ўспрымацца як дадатковае пацверджанне гэтай суб’ектнасці, што беларуская гісторыя ёсць, што ёсць беларуская нацыя, нельга пра яе забывацца нават у такой складанай геапалітычнай сітуацыі. Але застаецца дадатковае пытанне пра змест, што ўласна прапаноўвае Тымаці Снайдэр, якую канцэпцыю гісторыі. Мне падаецца самым істотным – гэта зварот да такой версіі пераплеценай гісторыі, дзе мы адыходзім ад засяроджанасці на нацыянальнай тэрыторыі і падзей, звязаных з развіццём нацыянальнага руху. А кажам пра сітуацыю кантактаў, сувязяў, розных трансфераў, ідэй, тэхналогій, якія паказваюць на тое, што розныя культурныя арэалы яны былі заўсёды паміж сабою звязаныя.

У большай ступені ён арыентуецца на ўкраінскі прыклад і гэта зразумела, бо зараз ён кіруе вялікім праектам па пераасэнсаванні ўкраінскай гісторыі, дзе вялікая ўвага надаецца кантактам культур, якія былі на тэрыторыі Украіны, у першую чаргу мова, канешне, ідзе пра скіфаў, сувязі з антычным светам. І ясна, што беларускія тэрыторыі знаходзіліся на глыбокай перыферыі гэтай зоны кантактаў і антычны свет пашыраўся і на гэтыя землі. Прынамсі, праз эканамічныя і палітычныя сувязі. Калі Украіна была цэнтрам скіфскага свету, і гэта археалагічна пацверджана, то ў Беларусі былі толькі некаторыя знаходкі і прычым на самай мяжы з Украінай. І казаць умоўна кажучы пра тое, што Беларусь была тэрыторыяй прысутнасці скіфаў, то гэта яўнае перабольшанне. Што былі кантакты са скіфамі, так. Але пра тое, што Беларусь уваходзіла ў культурны арэал скіфаў, гэта перабольшанне. Казаць пра ўключанасць Беларусі ў антычны свет цяжка.

Іншы момант – падкрэсліванне сувязяў са скандынавамі. Гэта, канешне, скандынаўскае паходжанне Русі. Мы разумеем, што дыскусіі ідуць. Як не дзіўна, мы можам узяць новы падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці Марзалюка і ўбачыць тую самую палеміку. Наколькі мы можам сказаць, што Полацк быў заснаваны вікінгамі, наколькі значнай была іх прысутнасць на гэтай тэрыторыі, наколькі ім мы можам аддаць першынства ў стварэнні Полацкай дзяржавы.

Снайдэр, канешне, у сваёй лекцыі агучвае такія тэзісы, якія зараз апрабіруюцца, пашыраюцца. І шмат у чым выкліканы ў тым ліку і самой сітуацыяй вайны, калі ў той жа Украіне пашыраюцца ідэі пра максімальнае размежаванне ўкраінскай і расейскай гісторыі. І відавочна, што гэта ў значнай ступені абумоўлена палітычнай сітуацыяй.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя