Мы — ініцыятыва жанчын з Беларусі і Украіны, якія разам ствараюць культурныя і сацыяльныя праекты — пад такім дэвізам у Берліне ў Нямеччыне працягвае сваю працу FemHub. Ён аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх і ўкраінскіх дыяспар.

Пра тое, на чым палягае дзейнасць некамерцыйнай структуры распавяла Госця Рацыі, менэджэрка ФемХаба ў Берліне Лена Агарэлышава ў гутарцы з Алісай Поль:
РР: У якім фармаце вы працуе? Наколькі рэгулярна? Якія накірункі дзейнасці застаюцца прыярытэтнымі?
Лена Агарэлышава: Па-першае, хаб яшчэ трывае, жыве. Нягледзячы на ўсе пературбацыі, якія зараз ёсць у грамадскіх аб’яднаннях. Таксама мы працягваем працаваць і як бібліятэка, у нас з’явіліся кніжныя навінкі, як з Кіева, так і ад беларускіх выдаўцоў. Напрыклад, новая кніга ад Насты Манцэвіч. Кнігі можна ўзяць пачытаць, а таксама і купіць, калі з’явяцца такія жаданні.
Працягваем працаваць і як хаб беларускіх і ўкраінскіх жанчын мастачак. Калі ў кагосьці ёсць такое жаданне прыйсці і папрацаваць, скарыстацца нашымі пляцоўкамі, кавай, гарбатай і інтэрнэтам, то таксама ўсіх будзем рады бачыць.
Яшчэ мы працягваем свае культурныя мерапрыемствы, напрыклад, як моўная кавярня для тых, хто хоча практыкаваць беларускую мову. Яшчэ ў нас адкрываецца з наступнага тыдня таксама нямецкая моўная кавярня. Гэта для тых, хто ведае нямецкую мову як мінімум на ўзроўні А2 і хоча паляпшаць свае веды ў нямецкай. Таксама ўсіх будзем рады бачыць.
І адкрываецца яшчэ праект, які буду весці я – гэта адмысловая майстэрня, мы будзем ладзіць раз на два тыдні па выходных майстар-клас для тых, хто хоча даведацца, як шыць на швейнай машынцы, ці проста ўручную. І акрамя навучальных заняткаў, яшчэ будзе магчымасць самастойна скарыстацца матэрыяламі, швейнымі машынкамі, калі ёсць такая патрэба.
І яшчэ ў нас працягваецца кніжны клуб. У гэтым годзе ўжо была адна сустрэча з Аленай Казловай, дырэктаркай выдавецтва «Пфляўмбаўм». І таксама плануем далейшыя сустрэчы па абмеркаванні розных літаратурных твораў і кніжак, якія выходзяць ўкраінскіх і беларускіх аўтарак.
РР: Хто часцей за ўсё вас зараз наведвае?
Лена Агарэлышава: Мне падаецца, што ў нас асноўная аўдыторыя – гэта беларускія і ўкраінскія жанчыны мастачкі, ці проста жанчыны, якіх цікавяць нашыя культурныя мерапрыемствы. А таксама час ад часу прыходзяць і мужчыны. Я б сказала, што ў нас гендэрныя суадносіны недзе 80 на 20, ці 70 на 30, калі агулам. Але на розныя мерапрыемствы прыходзяць розныя аўдыторыі, у тым ліку і замежнкі.
Цалкам матэрыял:
FemHub у Берліне — гэта лекцыі, воркшопы, шпрахкафэ, моўная кавярня па-беларуску, літаратурныя сустрэчы, адзначэнне разам беларускіх традыцыйных святаў ды так далей.
Беларускае Радыё Рацыя






