Украінская паэтка і пісьменніца Леся Стэпавічка ў 2022 годзе выехала ў Польшчу і зараз жыве ў Любліне. Летась яна атрымала стыпендыю прэзідэнта Любліна на напісанне кнігі.

«Гэтая кніга – мая ўдзячнасць Польшчы за ўсё тое, што яна робіць для Украіны і ўкраінцаў», – кажа Леся Стэпавічка.
– Я ў 23-ім годзе была стыпендысткай прэзідэнта гораду Любліна ў намінацыі літаратура. Я выйграла гэты конкурс у снежні 2022 року, і ў 2023-ім я атрымала стыпендыю. Я напісала кнігу, пакуль яшчэ рукапіс «Polsko siostro moja». Гэта кніга ўдзячнасці палякам за іх салідарнасць, талерантнасць, душу. У мяне першая частка кнігі – гэта гісторыі людзей, уцекачоў. Гэта неверагодна, што ў Польшчы ёсць такая магчымасць – атрымаць сродкі на напісанне кнігі.
Цяпер пісьменніца шукае магчымасці выдаць гэтую кнігу. Будзе або падаваць заяўку на новы грант, цяпер ужо на выданне, або паспрабуе адшукаць спонсара.
Леся Стэпавічка жыла ў Дняпры. Яна сябар Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Дзесяць гадоў была старшынёй праўлення Днепрапятроўскай абласной пісьменніцкай арганізацыі. Працавала загадчыцай літаратурнай часткі Днепрапятроўскай Філармоніі. Аўтарка больш 20-ці кніг паэзіі і прозы. Заслужаны работнік культуры Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя






