Казімір Альхімовіч (1840-1916) – прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў беларускім мастацтве XIX – пачатку XX стагоддзяў, быў адным з найбольш вядомых гістарычных жывапісцаў. 20 снежня яму спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Казімір Альхімовіч у маёнтку Дэмбрава былога Лідскага павета (цяпер Шчучынскі раён) у сям’і небагатага шляхціца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай класічнай гімназіі. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадах Казімір Альхімовіч быў сасланы ў Сібір. Вярнуўшыся са ссылкі ў 1869 годзе ён пасяліўся ў Варшаве. Там канчаткова зразумеў, што яго прызванне жывапіс. Мастацкую адукацыю набываў у Варшаве, Мюнхене, Парыжы. У 1875 годзе мастак закончыў Акадэмію мастацтваў у Мюнхене. Гады вучобы там аказаліся надзвычай плённымі. Ён экспанаваў свае работы на розных выстаўках, неаднаразова – у Францыі, дзе жыў з 1876 па 1878 гады. Прымаў удзел у шматлікіх творчых конкурсах. Атрымаў некалькі залатых і сярэбраных медалёў. Наведваў майстэрні тагачасных славутасцей.

У 1878 годзе Казімір Альхімовіч вярнуўся ў Варшаву. Пачаў выкладаць малюнак у школе жывапісу і разьбы Пасвіковай. У гэты час заявіў пра сябе як майстар гістарычнага жанру. У 1885 годзе на акадэмічнай выстаўцы ў Пецярбургу было прадстаўлена палатно мастака “Смерць Глінскага ў турме”. Сапраўдная ж вядомасць прыйшла да Казіміра Альхімовіча дзякуючы карціне “Пахаванне Гедыміна”. Твор атрымаў высокія ўзнагароды на выстаўках у Варшаве, Пецярбургу, Львове, Сан-Францыска.

Таксама значнымі гістарычнымі палотнамі з’яўляюцца “Адпачынак Кейстута”, “Вітаўт на магіле Кейстута”, “Абарона Ольштына”. “Вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта Аўгуста”, “Апошні жрэц Літвы з дачкою Плёнтай”. Карціны “Смерць у выгнанні”, “Пахаванне на Урале”, “На этапе” і іншыя напісаны па ўспамінах аб ссылцы ў Сібір.

Праз усё жыццё пранёс мастак любоў да сваёй Бацькаўшчыны, якая гістарычна называлася Літвой. “Ліцвінам Альхімовічам” называлі мастака ў Польшчы і крытыкі, і сябры. Увасабленнем радзімы для яго была ў першую чаргу родная сядзіба. Шчымлівым пачуццём любві прасякнута яго палатно “Дажынкі”, на якім адлюстраваны ён сам разам з братам і бацькамі. Святочна накрыты стол. Гаспадары сустракаюць сялян, якія дажалі жыта і прыйшлі з поля на панскі двор. Ідылія, што сцвярджала папулярную ў той час ідэю яднання шляхты з сялянамі ў імя вызвалення краю. У карцінах “Жніво”, “Вясковая дзяўчына”, “Наём работнікаў”, “Парабкава хата”, “У поце чала” Казімір Альхімовіч адлюстраваў вясковы побыт.
У сваіх стылявых прыхільнасцях мастак прытрымліваўся рэалістычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці, узбагачаных ярка выяўленым рамантычным светаўспрыманнем. Карціны яго пазначаны нягучнасцю фарбаў, спакойным колеравым ладам.

Творчы дар Казіміра Альхімовіча выяўляўся не толькі ў жывапісе. Свае сілы ён спрабаваў і ў галіне графікі. Вядомы і як манументаліст. Разам з іншымі мастакамі ён распісаў касцёл Святой Кацярыны ў Пецярбургу. Займаўся Казімір Альхімовіч і разьбой па дрэве, распісваў фаянс, працаваў з глінай. Яркай старонкай творчасці мастака былі ілюстрацыі да паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, твораў Юльюша Славацкага, Юзафа Крашэўскага.

Беларускае Радыё Рацыя






