Міжнародны фестываль PRADMOVA пройдзе ў кастрычніку і лістападзе ў чатырох гарадах: Варшаве, Познані, Вільні і Празе. Сёлетні лозунг імпрэзы “Птушкі без гнёздаў”, натхнёны творчасцю Ларысы Геніюш.

Пра значнасць падзеі і адметнасці праграмы Госця Рацыі – выканаўчы дырэктар фэсту Лілія Ільюшына – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Чым сёлета будзе вылучацца «Прадмова»?
Лілія Ільюшына: Сёлета «Прадмова» вылучаецца тым, што яна, у прынцыпе будзе. На жаль, мы жывем у такія часы, калі кожны праект, не толькі наш, робіцца са значнымі намаганнямі. І калі штосьці адбываецца, то я лічу, што гэта ўжо свята і вялікая перамога. Калі казаць непасрэдна пра наш фестываль, то з такога новага цікавага гэта пераасэнсаванне анлайн-фармату, мы яшчэ будзем публічыць анлайн-пляцоўку, і тут ёсць пэўныя змены. Па-другое, у параўнанні з мінулым годам, у нас з’явілася новая пляцоўка, мы там ніколі не былі, – гэта Прага. Мы туды едзем упершыню. У нас ужо апублічаная праграма. Вельмі прыгожая, вельмі цікавая.
І таксама, як я гляджу па нашай праграме, у нас яшчэ большая колькасць арыгінальных імпрэзаў. Мы і ў мінулыя гады імкнуліся, каб усё ж такі праграмы адрозніваліся адна ад адной. А сёлета я гляджу, што нашая віленская праграма адрозніваецца ад пражскай праграмы недзе на 90 адстоткаў. І я ўжо бачу, і гэта вельмі прыемна, што ўдзельнікі адмыслова пад пэўны горад рыхтуюць альбо адмысловую заяўку, альбо адмысловую імпрэзу. Нават калі гэта прэзентацыя той жа кніжкі, напрыклад, то яна будзе адаптаваная пад гэты горад, штосьці зменена. Таму я думаю, арыгінальнага кантэнту, як модна казаць, будзе болей. Гэта таксама класна.
Плюс, кожны год мы імкнемся прыцягнуць новых людзей, якія яшчэ не ўдзельнічалі – і кнігавыдаўцоў, і аўтараў, і перакладчыкаў. У гэтым плане мы імкнемся досыць шырока працаваць. Я не стамляюся паўтараць, што «Прадмова» – гэта не літаратурны фестываль, «Прадмова» – гэта як мінімум кніжны фестываль, а гэта значыць, фестываль і для дызайнераў, і для рэдактараў, і для выдаўцоў і г.д. І гэта фестываль інтэлектуальнай кнігі, то бок гэты інтэлектуальны складнік для нас таксама вельмі важны, і я спадзяюся, мы яго чарговы раз трошачкі падрасцім.
РР: Калі мы кажам, што праграма кожнага горада будзе выбітнай, то маглі б вы неяк ахарктарызаваць, сказаць, напрыклад, віленская праграма будзе больш для дзяцей, познаньская больш для аматараў аўдыёкніг. Ці штосьці вось такога кшталту.
Лілія Ільюшына: Такой найпроставай залежнасці, я думаю, мы не знойдзем. Але адметнасць ужо ў тым, што кожная лакальная праграма, калі фармуецца, то, гэта адзін з нашых прынцыпаў пры фармаванні праграмы, і гэта адбіваецца на імпрэзах, – гэта абавязкова каб можна было прасачыць вось гэтую сувязь паміж беларускім кантэкстам і кантэкстам той краіны, на тэрыторыі якой, ці таго гораду, адбываецца фестываль. Адпаведна віленская праграма з удзелам літоўскіх аўтараў. Пражская праграма – з чэшскім кантэкстам і г.д.
Ну і ў гэтым плане я вельмі-вельмі чакаю, калі мы апублічым познаньскую праграму, мы ўжо ў двух кроках ад гэтага, таму што пазл так склаўся, што гэта адна з самых багацейшых праграм. Вы пабачыце, колькі там лакацый задзейнічана, гэта вельмі файна, таму што заўсёды знайсці пляцоўку гэта трошкі вымагае.
І сёлета большая колькасць імпрэзаў. Па-мойму, у мінулым годзе ў Вільні было штосьці каля 20-ці, сёлета мінімум 40. Думаю, яшчэ штосьці дадасца. На Познані ў нас, па-мойму, пяць пляцовак, дзе будзе адбывацца фестываль. І на Познані акурат, калі ўсё складзецца, будзе дзіцячая праграма. Для нас гэта не самы традыцыйны ход, мы рэдка звяртаемся да дзіцячай тэмы, з розных прычынаў, а там вось, мне здаецца, будзе прыгожая дзіцячая «прадмоўка».
РР: А чым Варшава сёлета будзе адметная?
Лілія Ільюшына: Варшава заўсёды адметная самай вялікай праграмай, таму што звычайна гэта праграма, якая завяршае год, і тут самая вялікая колькасць імпрэзаў. І калі ва ўсіх астатніх гарадах у нас два – два з паловай дні, то ў Варшаве гэта звычайна чатыры паўнавартасных, плюс немалая колькасць сайт-івэнтаў, то я думаю, сёлета варшаўская праграма, мы яшчэ яе фармуем, будзе адрознівацца строгасцю, у тым плане, што мы будзем імкнуцца ставіць сама выбітнае, сама лепшае, сама цікавае.
Цалкам размова:
Фестываль Pradmova пачнецца 10 кастрычніка ў Вільні. А завершыцца – 24 лістапада ў Варшаве.
Беларускае Радыё Рацыя






