BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку праходзіць літаратурны семінар “Бязмежжа”

Літаратурны семінар “Бязмежжа” стартуе сёння ў Беластоку. Гэтае мерапрыемства шмат гадоў арганізуецца на падляшскай зямлі і збірае творцаў з абодвух бакоў польска-беларускай мяжы.

Сярод сёлетніх удзельнікаў – рэдактар і выдавец Яўген Вапа, літаратары Андрэй Сцепанюк, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Галіна Тварановіч, Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай ды іншыя, культурныя менеджары Павел Станкевіч і Надзея Салаўёва і шматлікія іншыя ўдзельнікі.

Галоўны лейтматыў сёлетняй сустрэчы, якая вяртаецца пасля трохгадовага перапынку, гэта 65-годдзе літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, – кажа галоўны арганізатар, рэдактар і выдавец, Яўген Вапа:

– Мы хочам ушанаваць год, які завяршаецца, гэта 65-ць гадоў літаратурнаму аб’яднанню “Белавежа” у Польшчы. Будзем у выглядзе дакладаў, чытанняў, размоваў, кіно, успамінаць волатаў нашай падляшскай беларускай зямлі, якія былі волатамі слова ва ўсёй беларускай прасторы.

У праграме – чытанні, прэзентацыі, дыскусіі, якія працягнуцца сёння і заўтра. У пятніцу, 29 снежня, праграма завершыцца аўтобуснай экскурсіяй па беларускіх месцах Беластока.

Арганізатары “Бязмежжа”: праграмная рада тыднёвіка “Ніва”, Міжнародны Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі саюз у Польшчы. Нашае Беларускае Радыё Рацыя – медыйны партнёр мерапрыемства.

Семінар распачаўся.

Аднагодка “Белавежы” Міраслава Лукша, Размову вядзе Міхал Андрасюк, аўтарскія чытанні.

Андрэю Сцепанюку 60 гадоў – аўтарскія чытанні, прэентацыя новага зборніка “Над белай ракой” і літаратурнай перадачы Радыё Рацыя “Паэтычныя роздумы”.

Выступ Уладзіміра Хільмановіча:

Выступ Алеся Аркуша. Ён расказаў пра сваю радыёперадачу “Жыццё з літаратурай”.

Літаратурны і бардаўскі выступ Уладзіміра Хільмановіча. Ён выканаў новыя песні “беластоцкага перыяду” на вершы Віктара Сазонава і іншых аўтараў, а таксама прачытаў урывак з сваёй аповесці “64 клеткі”.

Уручэнне Алесем Аркушам прэміі “Гліняны Вялес”. Статуэтка за 2021 год Віктару Сазонаву за кнігу “Генетычны алфавіт” была пераданая выдаўцу – Праграмнай Радзе тыднёвіка “Ніва”.

Беларускае Радыё Рацыя