«Літва вачыма беларускіх мастакоў» – пленэр пад такой назвай прайшоў з 2 па 6 верасня на Віленшчыне. Таварыства беларускай культуры гэтым разам ладзіла яго не ў Вільні, а ў вёсцы Тургеляй, побач з літоўска-беларускай мяжой. У ім бралі ўдзел мастакі беларускага паходжання з Ізраіля, Літвы, Латвіі.

Паводле старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандра Адамковіча, гэтым разам мастакоў менш, але геаграфія шырэйшая.
– Мы ў асноўным запрашаем жывапісцаў, хаця можна будзе калі-небудзь і графікаў запрасіць, яшчэ кагосьці, але пакуль такая традыцыя. Таму колькасць карцін у нас павялічваецца, колькасць тэматык таксама павялічваецца. Першую выставу плануем рабіць тут у Тургелях у Доме культуры, а пасля ўжо з 10 верасня выстава будзе праходзіць у Доме культуры ў Новай Вільні.

Як кажа мастак з Ізраіля Павел Сарапеня, ім некалькі разоў не ўдавалася ўзяць квіткі ў Вільню з-за сітуацыі ў Ізраілі, але яны прыклалі ўсе намаганні, каб трапіць сюды.
– Мы зайздросцім самі сабе. Тое, што мы трапілі ў гэтае месца, пазнаёміліся з гэтым неабсяжным краем у плане гісторыі і прыгажосці. Уразіліся, набралі нейкі матэрыял для таго, каб з гэтым можна было працаваць. Спадзяюся, што гэта будзе паспяховая выстава. Хацелася б працягваць далей. Мы не хочам з’язджаць адсюль.
Карціны з пленэру Таварыства беларускай культуры плануе таксама выстаўляць яшчэ ў Латвіі і Польшчы.
Пленэр адбыўся пры фінансавай падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літвы.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


Беларускае Радыё Рацыя






