Беларускі рок-музыка Лявон Вольскі хутка пачне свой калядны тур па Польшчы. Акустычныя канцэрты пройдуць у Познані, Уроцлаве, Кракаве, Беластоку і Варшаве. Першая імпрэза адбудзецца 7-га снежня, завяршальная – 20-га.

Пра падрыхтоўку да святочных падзей, а таксама стаўленне да саміх Каляд Госць Рацыі – Лявон Вольскі – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Вы рыхтуецеся цяпер да каляднага туру. Чым ён будзе адметным сёлета?
Лявон Вольскі: Любы наш калядны тур адметны тым, што мы ўзбагачаемся новай каляднай песняй – і народнай, і міжнароднай. Або «адкопваем» свае старыя. Летась гэта быў, напрыклад, «Дзед Мароз», гэта старая песня 1999 году, якая пасуе да сітуацыі. У гэтым годзе мы таксама выканаем яе ў гэтым туры. Ну і яшчэ будзе некалькі сюрпрызаў. І таксама будуць песні з «Народнага альбому». І будуць традыцыйныя песні. Адно што звычайна на калядным канцэрце грамадска-палітычны складнік крыху заніжаны. Таму што ўсё ж такі гэта свята, такое светлае, якое набліжае нас да дзяцінства, таму будзе больш вясёлы фармат.
РР: Але тым не менш некаторыя кампазіцыі з праекту «Эмігранты» прагучаць?
Лявон Вольскі: Натуральна, «Каляды ў Менску» мусяць прагучаць. І прагучаць яшчэ некалькі, якія менш «загрузачныя», найменш песімістычныя.
РР: Гэты тур у вас будзе ладзіцца з гітарыстам Паўлам Трыпуцем. Ці азначае гэта, што гэта будзе пра акустычную атмасферу, больш цёплую, больш душэўную.
Лявон Вольскі: Абсалютна правільна. Гэта будзе як звычайна на акустычных канцэртах. Нават нейкая будзе размова. Будуць нейкія жарты. Натуральна, гэта будзе больш камерна. Не так, што песня за песняй, кароткія падводкі, энергія, накат. Тут таксама будзе шмат энергіі, але яна будзе больш камерная, больш хатняя, больш цёплая.
РР: Як вы выбіралі гарады, якія ўключылі ў тур?
Лявон Вольскі: Я не займаюся арганізацыяй. Наколькі я разумею, гэта рабілася досыць хутка, таму што мне нечакана прыйшла гэтая ідэя, і тыя гарады, на якіх знайшліся пляцоўкі на гэты час, мне здаецца так. Але трэба запытацца ў арганізатараў.
На жаль, некалькі гарадоў не атрымалася ахапіць, напрыклад, Гданьск. Зараз пішуць у сацсетках, чаму ў Гданьск вы не едзеце. І нават напісалі, чаму ў Зялёнай Гуры няма канцэрту. Я не ведаю пра зялёнагурскую дыяспару, можа яна там і ёсць, то няхай яшчэ напішуць, мы прыедзем тады.
Ну і шмат пішуць, шкада, што наш горад не ўвайшоў. Мы будзем улічваць. Наколькі ведаю, у арганізатараў ёсць планы ў лютым зайграць у гарадах, куды не прыехалі падчас гэтага туру, але гэта ўжо будзе не калядны, будзе іншы рэпертуар.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






