Вялікі беларускі оўпэн-эйр “Graj” разгарнецца ў Варшаве ўжо на гэтым тыдні – у суботу, 7-га верасня. На падзеі выступяць вядомыя гурты Dzieciuki, Relikt, Nochy, Разбітае Сэрца Пацана, пераможцы адборачнага конкурсу KurwaDziki і іншыя.

Выйдзе на сцэну і ўдзельнік усіх папярэдніх фэстаў “Graj” Лявон Вольскі. Сёння ён стаў Госцем Рацыі і распавёў нашаму радыё пра адметнасці імпрэзы.
РР: Вось ужо ў трэці раз будзеце ўдзельнічаць у фэсце «Грай». Чым для Вас адметная гэтая імпрэза, калі браць сукупнасць усіх нават папярэдніх мерапрыемстваў?
– Яна адлюстроўвае стан беларускай сучаснай музыкі за справаздачны выбарчы перыяд. Год пачынаючы з верасня і да верасня нешта адбываецца, нехта нешта запісвае, нехта нешта старое падбірае, нейкі крэатыў дэманструюць людзі. Новае зяўляецца, вельмі шмат новых гуртоў з’явілася менавіта ў Польшчы. Я ўжо баюся, што там недзе ў Штатах робіцца, ці ў якой Брытаніі. Можа таксама беларускія гурты нараджаюцца як грыбы пасля дажджу.
– Тут, у Польшчы, паводле назваў як нам распавядалі, вельмі-вельмі нетрывіяльныя гурты мусяць быць, і хочацца іх паслухаць. Таму там а 3 гадзіне будзе пачатак, і некаторыя з іх зайграюць, хто выйграў там нейкі конкурс, што для мяне абсурд – таму што конкурс і сучасная музыка несумяшчальныя. Але ў нас такія правілы, няхай так будзе. Ёсць што паглядзець, паслухаць заўсёды на гэтым «Грай».
РР: Каго з маладых музыкаў Вы б маглі адзначыць?
-Я іх яшчэ на жаль не слухаў, вось я на «Грай» паслухаю якраз. Там ёсць вельмі цікавыя назвы, не буду зараз казаць, таму што можа нешта няправільна вымаўлю, там трэба падрыхтоўка для таго, каб іх вымаўляць. Апроч гурту «Парадокс» канешне, гэта можна cказаць без падрыхтоўкі. Я акурат хачу падысці паслухаць, вельмі цікава, што гэта такое з’явіцца. Бо былі беларускамоўныя, наогул беларускія гурты ў Польшчы, але гэта ў цэлым звычайна гэта былі гурты з Беласточчыны. Раней гэта ўсё было, у 90-ых, пачатак 2000-ых. Гэта была Беласточчына. А цяпер нараджаюцца ўжо з тых, хто прыехаў сюды.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З Лявонам Вольскім гутарыла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






