BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Любіў зямлю Беларусі

8 сакавіка спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, журналіста, краязнаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага Яраслава Пархуты (1930-1996).

Творчы шлях Яраслава Пархуты пачынаўся на Берасцейшчыне. Тут, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і службы ў арміі, ён працаваў у раённым друку, некаторы час быў рэдактарам Берасцейскай студыі тэлебачання. Найбольш ярка талент пісьменніка раскрыўся ў час працы ў часопісах “Вожык” і “Родная прырода”, апошняму ён аддаў некалькі гадоў жыцця. Якраз тады Яраслаў Пархута пачаў займацца краязнаўствам. Ён любіў зямлю Беларусі, абураўся і перажываў, калі бачыў забруджаную раку, высечаны лес, мёртвую птушку. Дзясяткі карэспандэнцый, нарысаў прысвяціў ён ахове прыроды.

Па натуры чалавек няўрымслівы, нястомны падарожнік, Яраслаў Пархута не мог сядзець дома. І ў летнюю спёку, і ў дажджлівую халодную восень, і ў вясновую хлюпоту, закінуўшы заплечнік, спяшаўся ў дарогу. Ён пехатой абышоў усю Беларусь – ад Браслаўскіх азёр да Прыпяці, ад кручаў Дняпра да Буга. Наведваў мясціны, якія былі звязаны з жыццём і дзейнасцю славутых людзей: пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх дзеячаў… У Яраслава Пархуты быў свой падыход да пошукаў, да апісання падобных мясцін – паэтычны. Ён не імкнуўся ахапіць усе біяграфічныя звесткі пра знакамітых землякоў, таму што яны ўжо і так агульнавядомыя, не ехаў і з мэтай нешта адкрыць, даследаваць, раскапаць. Для яго было дастаткова пабываць там, дзе некалі нарадзіўся, правёў басаногае дзяцінства, вучыўся ці працаваў чалавек, які валодаў асаблівым талентам на вершы, на навуковы пошук, на прагу служыць людзям. Пархута імкнуўся разабрацца, як уплываюць на росквіт гэтага асаблівага таленту родная прырода, радзінная зямля, яе людзі. Ён любіў пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, найчасцей старэйшага ўзросту, распытаць, ці памятаюць яны што-небудзь пра іх славутага земляка. Свае апавяданні-нарысы, якія пісаліся пасля вандровак, Яраслаў Пархута называў эцюдамі. Нават першая яго кніжка – “Жаваранак над полем”, якая выйшла ў 1985 годзе, мела падзагаловак – “Эцюды роднага краю”. Эцюды – нешта ўзвышанае, паэтычнае. І гэта невыпадкова. Яраслаў Пархута пачынаў як паэт. Яго вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах з 1949 года. Потым нароўні з імі сталі выходзіць апавяданні, навелы, якія былі сабраны ў кнігах: “Ты пайшла ў сонца” (1973), “Зямля бацькоў нашых” (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Кастуся Каліноўскага 1992), “Пад высокім сонцам” (абедзве 1988) і іншыя. Любіў Пархута пісаць і для дзяцей. Дасціпнасцю і займальнасцю адзначаны яго дзіцячыя кнігі: “Казка зялёнай дубровы” (1960), “Там, дзе жыве Юлька” (1978), “Перапёлачка” (1979). У 1982 г. Яраслаў Пархута стаў членам Саюза пісьменнікаў. На схіле жыцця ён выдаў яшчэ некалькі кніг, сярод якіх: “Дарогамі надзеі і трывогі” (1989), “Крыніца ёсць у родным краі…” (1992), “Жальба жытняга коласа” (1993). У адной з навел, якая дала назву апошняй кнізе, іншапланецянка дакарае людзей: “Вы… зашмат нарабілі шкоды. Супыніце прагнасць сваю. Не будзьце самазабойцамі. Шануйце ўсё жывое і нежывое. Інакш Блакітная Планета ператворыцца ў Чорную…”. І далей, ужо лірычны герой кнігі расказвае: “Я кінуўся туды, дзе толькі што стаяла загадкавая істота, і ўбачыў у дарожным пылу крыж. Вялікі. Счарнелы. Чамусьці падняў яго і панёс…”.

Пра тое, які крыж выпала несці па жыцці сучаснікам пісьменніка, што трывожыць іх, чым жывуць, на што спадзяюцца і расказваў у сваіх творах Яраслаў Пархута. Ён заўчасна пайшоў з жыцця 20 сакавіка 1996 года, але засталіся кнігі, якія з цікавасцю і сёння чытаюцца настаўнікамі і школьнікамі, вяскоўцамі і гараджанамі, усімі тымі, хто любіць родны край, цікавіцца яго гісторыяй.

Беларускае Радыё Рацыя