Бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лондане просіць дапамогі ў складанні лічбавага каталогу вялізнага збору кнігаў, архіваў, музычнай калекцыі, якая назапасілася за апошнія паўстагоддзя.

Сябра Рады Апекуноў Бібліятэкі і Музея Скарыны Павал Шаўцоў распавядае пра цікавыя архівы, якія сабраныя ў Лондане:
– Акрамя кніг у нас ёсць архівы. Калі чалавек паміраў, то вельмі часта сям’я аддавала архіў у Скарынаўку. Не толькі з Брытаніі, а і з ЗША, іншых краінаў. Таму ў нас ёсць значная колькасць архіваў, у тым ліку выбітных асобаў. І цяпер з імі працуе наш прафесійны архівіст.

Павал таксама распавядае пра музычную калекцыю якая сабраная ў «Скарынаўцы»:
– Ёсць старыя бабіны, касеты, якія мы цяпер дыгіталізуем. Мы ездзілі ў спецыяльную фірму ў Лондане, што займаецца дыгіталізацыяй старых носьбітаў музычных, ачышчэнне і г.д.
Бібліятэка імя Францішка Скарыны налічвае больш за 40 тысяч кнігаў, тысячы тамоў архіваў, якія патрабуюць каталагізацыі, а таксама ёсць вялікая філатэлістычная калекцыя, якая збіралася вядомымі дзеячамі беларускай эміграцыі.
Беларускае Радыё Рацыя






