
“Гісторыя беларускіх рэчаў” – новая рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Госцяй праекту стала Соня – майстарка макрамэ і стваральніца брэнду Маkarma.
“Інструмент для стварэння – гэта рукі”.
Я займаюся тым, што непасрэдна сваімі рукамі сплятаю вузельчыкі ў гатовыя вырабы. Пляту з нітак у тэхніцы макрамэ. Праўда, пэўная колькасць людзей блытае макрамэ з вязаннем кручком ці спіцамі. Але асаблівасць і адрозненне гэтай тэхнікі ў тым, што інструмент для стварэння – гэта рукі.

Свае цяперашнія вырабы я бы падзяліла на тры катэгорыі:
– дамашні дэкор (насценныя пано, арганайзеры, падстаўкі, абрусы і г.д);
– торбачкі і аксэсуары;
– бела-чырвона-белы сцяжкі (вылучаю іх у асобную катэгорыю, бо нягледзячы на тое, што гэта можна лічыць насценным пано, для мяне гэта – самы “беларускі” мой выраб з асаблівасцямі аўдыторыі і рэалізацыі).



Напэўна, самае папулярнае па продажах сярод маіх вырабаў – насценнае пано-сцяг “Жыве” (такую назву я яму прыдумала). Ён жа выклікае і больш за ўсе рэакцый.

На другім месцы – розныя торбачкі, асабліва “Валошка”. Свае торбы я заўсёды называю беларускімі кветкамі: валошка – valoshka, лілея – lilieja, вяргіня – viarhinia і г.д. Я перапісваю лацінкай, каб захаваць нашае – беларускае – гучанне.

Ну і на трэцім месцы – новы выраб – цацкі для коцікаў. Яны падаюць вялікія надзеі па продажы! Першую цацку я зрабіла на падарунак ад Таемнага Санты сваей калезе, а потым зразумела, што абдзяліла сваю котку Рубі. Ёй цацка вельмі спадабалася, таму я вырашыла радаваць і іншых коцікаў.
Наогул Рубі займае важнае месца ў маёй дзейнасці! Ні водны выраб не ствараецца без яе – яна заўсёды побач: ці назірае, ці – як я кажу – кантралюе, ці гуляецца з канцамі нітак. Адчуванне, што яна думае, што ўсе вырабы ствараюцца для яе, бо толькі я пакіну выраб на канапе, як яна адразу кладзецца на яго. Зараз нават стварыла акаўнт у тыктоку, дзе публікую відэа з адносінамі Рубі і нітак (www.tiktok.com/@kurwa_kocia)

“Пачала я з падарункаў на Новы год сваім сябрам”
Мая гісторыя з ніткамі пачалася дзесьці два з паловай гады таму. Мы з сябрамі вырашылі наведаць Кракаў і там завіталі ў цудоўнае месца з кавай, раслінамі і макрамэ. Там мяне вельмі ўразіла жоўтае пано на зяленым фоне і я падумала, што таксама так хачу.
Пачала я з падарункаў на Новы год сваім сябрам. У мяне існавала традыцыя дарыць ім аднолькавыя падарункі з мінімальнымі адрозненнямі ў колерах ці дызайне. І ў той год імі сталі невялічкія сплеценыя елачкі. Потым я спрабавала гатовыя наборы DIY, але хутка мне надакучыла і захацелася ўсе рабіць самой (бо ў наборах усе абралі за мяне, яшчэ і нітачкі нарэзалі). Я вырашыла сплесці торбы на лета сабе і сваім сяброўкам (зараз гэта мадыфікаваная торба “Валошка”). Потым падумала, што гэта несправядліва: у маіх сяброўвак есць падарункі, а ў сяброў – не (торбы ж яны не носяць!). Так з’явілася ідэя сцяга “Жыве”. Мне вельмі падабалася гэтая думка, бо гэта і цудоўны падарунак, і спосаб зрабіць штосьці беларускае, выказаць свой смутак па доме і перадаць любоў да яго. Бо насамрэч жаданне выказаць пачуцці да радзімы праз творчасць было ў мяне даўно, але як яго рэалізаваць, я не ведала. І тут сцягі вельмі дапамаглі!
З цягам часу вырабы пачаліся накоплівацца ў нашай не вельмі вялікай здымнай кватэры ў Варшаве. Месца на сценах ужо не надта хапала для пано, сумкі не паспавяла змяняць. Таму вырашыла паспрабаваць прадаваць іх і такім чынам дзяліцца ўтульнасцю, прыгажосцю і пяшчотай са светам.




Я спрабую заўсёды казаць, што я майстарка з Беларусі, хоць і пачала займацца макрамэ толькі ў Польшчы. Два гады таму перайшла на беларускую мову ў штодзённым жыцці і сваю інстаграм-старонку з макрамэ таксама вяду на ёй. Мне падаецца вельмі важным стварэнне кантэнту на роднай мове! І ўвогуле калі я наведваю маркет беларускіх майстроў, бачу, якія неверагодныя рэчы яны ствараюць, і разумею, што я – частка гэтага, – гэта выклікае ў мяне гонар.

“Макрамэ – гэта мая самарэалізацыя”
Сам працэс пляцення вузельчыкаў для мяне як медытацыя і рэлаксацыя. Манатонны працэс, які добра супакойвае! Таксама, лічу што гэты занятак развівае дробную маторыку, што з’яўляецца прафілактыкай захворванняў у сталасці.

У складаныя часы пасля пераезду вельмі часта пляценне чаго заўгодна было маёй адзінай матывацыяй устаць з ложку зранку. Таму для мяне гэта амаль як лекі!
Яшчэ, безумоўна, макрамэ – гэта мая самарэалізацыя, магчымасць штосьці стварыць сваімі рукамі і пабачыць першапачатковую задуманую ідэю ў адчувальным вырабе, такі завершанны працэс.
Зараз я ўжо стаўлюся да макрамэ не як да хобі, а як да паўнавартаснай працы, таму хочацца, каб яно прыносіла мне і заробкі, адпаведныя ўкладзенным у яго намаганням і часу.

На мой погляд, любы занятак, які хочацца зрабіць працай і справай жыцця – гэта складана і патрабуе шмат рэсурсаў. Асабліва напачатку: любы майстра ці майстарка павінны не толькі мець асноўны занятак, але быць яшчэ і маркетолагам, бухгалтарам, фатографам, смм-шчыкам. І далека не ўсе з гэтага падабаецца, але гэта неабходня для паспяховай дзейнасці.
Зараз я стараюся знайсці сваю аўдыторыю, якая бы забяспечыла мне далейшае развіцце майго любімага макрамэ!



Творы Соні можна ўбачыць у яе інстаграм-акаўнце: www.instagram.com/makarma_macrame
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя