BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Макар Валынкін: Спадзяюся, зацікаўленасць да беларускай мовы будзе расці

Кніга «Апошняе пакаленне» Макара Валынкіна трапіла на другое месца па продажах і стала бестсэлерам па версіі выдавецтва “Янушкевіч”. Гэта стала нечаканасцю для самаго маладога аўтара. Зараз ён адправіўся ў творчы тур з прэзентацыяй кнігі. Першая сустрэча з чытачамі ў гэтым падарожжы адбылася ў Вільні. Пасля будуць польскія гарады – Лодзь, Кракаў і Познань.

Пра кнігу, шлях да беларускасці і чаму Вільня была абраная першым горадам у творчым падарожжы з Госцем Рацыі – Макарам Валынкіным – паразмаўляла карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Вашая кніга папулярная сярод моладзі. Вы яе назвалі «Апошняе пакаленне». Як вы лічыце, сапраўды нашу моладзь непакояць тыя праблемы, якія вы агучылі ў гэтай кнізе?

Макар Валынкін: Я б тут сказаў, што пісьменнік піша кнігу ў першую чаргу для сябе. Прынамсі я не пісаў кнігу, думаючы пра тое, што і каго хвалюе, я пісаў свае думкі, не думаючы пра тое, хто там як лічыць. Але разам з гэтым можна сказаць па тым, якія я бачу водгукі, якія мне пішуць людзі, якія мне перадае выдавец, я разумею, што і людзі майго ўзросту, і людзі больш старэйшыя, кажуць, што ім адгукаецца гэтая кніга ў розных момантах. Камусьці больш падабаюцца пачатак і сны, якія распавядаюць пра дзяцінства, хтосьці кажа, што наадварот менавіта сюжэт і падзеі закруціліся і спадабаліся. Таму я магу сказаць, што розным людзям гэта цікава, розныя людзі пішуць пра тое, што ім падабаецца, разам з гэтым я перыядычна бачу водгукі накшталт, я пачаў чытаць, прачытаў 20 старонак і зразумеў, што нейкая нудота. Для тых, хто пачаў чытаць, але не скончыў, я б параіў дачытаць да канца, таму што дзесьці прыкладна тры чацвёртыя кнігі даволі паволі разгортваюцца, яны скіраваныя на тое, каб перадаць менавіта атмасферу, а не тое, каб нейкае дзеянне блокбастара. Блокбастар пачнецца ў трэцяй частцы кнігі.

РР: Ці хтосьці казаў, што іх, напрыклад, турбуе тое, што беларускай мовы становіцца менш? Вы таксама тут закранулі праблему беларускай мовы. Ці наадварот – моладзь стараецца вывучаць нашу мову.

Макар Валынкін: Я нават атрымаў такі водгук ад аднаго чалавека, які сказаў, што прачытаўшы гэтую кнігу, захацеў размаўляць па-беларуску. Пакуль што мне адзін чалавек такое сказаў. Але ў мяне такі прынцып, калі ты пераканаў хаця б аднаго чалавека ў чымсьці, гэта крута. І калі я пачаў размаўляць па-беларуску, у мяне была такая думка, калі дзякуючы мне, чалавеку, які проста размаўляе па-беларуску, хтосьці пачне слова нейкае ўстаўляць па-беларуску, пачне размаўляць па-беларуску, можа быць не кожны дзень і не ва ўсіх выпадках, але пачне размаўляць, – гэта крута. Калі вяртацца да вашага пытання, я бачу зацікаўленасць да беларускай мовы сярод майго пакалення. Напрыклад, я жыву ў Варшаве, і ў мяне больш беларускамоўных знаёмых у Варшаве, чым іх было ў Менску. Нягледзячы на тое, што я вучыўся ва ўніверсітэце культуры, у якім нібыта беларускай мовы мусіць быць больш, чым у іншых унівесітэтах. Я спадзяюся, што зацікаўленасць да беларускай мовы будзе расці, што яна будзе набіраць абароты, і што гэта будзе больш турбаваць не толькі маё пакаленне, але і наступныя, больш маладых людзей.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя