Гурт RODVALOTH, гэта не толькі цяжкая гітара, але таксама меладычныя партыі і лірычныя тэксты. Самая назва асацыюецца з Рагвалодам, першым полацкім князем і бацькам Рагнеды. Невыпадкова, бо гурт рэкламуе сваю музыку, як меладычны death metal з Беларусі. Адначасова ў іх творах таксама пераплятаецца архаічная музыка.

Наш сённяшні Госць Рацыі Максім Лях – лідар гурту RODVALOTH, які сёлета выступіў на фестывалі “Тутака”, зараз жыве і канцэртуе ў Польшчы, але добра ведае не адну беларускую ці ўкраінскую сцэну:
-Прыехаў пад канец 2021 года, тут працую таксама як настаўнік гітары ў розных колах музычных у Варшаве. Граю канцэрты ў розных гарадах Польшчы, таксама на Падляшшы адбыўся фестываль “Тутака”, дзе мы гралі на малой сцэне ад Беластоцкага музычнага клуба. Пакрыху развіваемся, штосьці робім, актыўна інтэгруемся ў супольнасць і кантактуем з гуртамі і беларускімі, і польскімі, граем на фестывалях.
РР: Ваш гурт натхняецца архаічнымі мелодыямі. Ці гэта гучыць у вашых металёвых варыянтах песень?
Максім Лях: Канешне, так. Мы граем melodic death metal так званы, але з моцным уплывам фолку і з гучаннем фолкавых інструментаў. Канешне, гэта такі складнік вельмі важны для нас, як гурта. Такі падмурак – мелодыя, меладызм. І я лічу, што мелодыя вельмі важная, бо яна вельмі запамінаецца слухачу. Таму стараемся ісці ў гэтым кірунку.
РР: Гурт RODVALOTH узнік ужо тут, у эміграцыі, ці яшчэ ў Беларусі?
Максім Лях: Так, гэты гурт я заклаў у 2023 годзе ўжо ў Польшчы. У Польшчы я знаходжуся з канца 2021 года. Раней з жонкай мы гралі ў гурце ZNICH. Потым мы сышлі і я заклаў свой уласны гурт. І гэта адбылося ўжо ў эміграцыі ў Польшчы вясной 2023 года.
Цалкам гутарка:
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя






