BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Максім Швед: Гледачы стаміліся ад траўмуючай беларускай тэмы ў дакументальным кіно

Пратэсты, рэпрэсіі, выгнанне — беларускае дакументальнае кіно апошніх гадоў часта гучыць як хроніка траўмы. Але што адбываецца, калі гледачы ўжо стаміліся ад гэтай пастаяннай напружанасці? Ці можна сёння распавядаць пра Беларусь — іначай, але не менш праўдзіва?

Наш Госць Рацыі — Максім Швед, беларускі рэжысёр-дакументаліст, аўтар фільмаў «Чистое искусство», «Маршрут перестроен», «Фотограф с площади Перемен». Нядаўна ён прадстаўляў свае працы на Фестывалі нефільтраванага кіно ў Варшаве і наведаў Wajda School & Studio, дзе пачынаўся яго прафесійны шлях.

Паразмаўлялі з Максімам пра тое, як змяняецца кінамова, ці жывое яшчэ беларускае кіно — і дзе сёння месца беларускага дакументаліста ў Еўропе.

РР: Як прайшоў для вас фестываль «Нефільтраванае кіно»? Што вы там прадставілі? Якія водгукі, якія адчуванні? Ці жыве беларускае кіно сёння?

Максім Швед: Гэта ўжо 11-ы фестываль «Нефільтраванае кіно», які прайшоў у тым ліку і ў Варшаве. Я прадставіў свой сумесны са шведамі фільм «Апошняя змена», які мы разам знялі яшчэ ў 2022-м годзе. Фестываль мне вельмі спадабаўся. Па-першае, класная праграма. То бок, сапраўды было цікава паглядзець, што наздымалі за апошнія часы беларусы. Праграма насычаная. Калі не памыляюся, там каля шасці фільмаў было. І анімацыя, і дакументальныя фільмы, і ігравое кіно. Шмат новых твараў. І сярод публікі, і сярод аўтараў, таму правёў добры і прыемны вечар у сяброўскай кампаніі з добрым кіно.

РР: Для тых, хто можа не дайшоў да фестывалю, пра што быў ваш фільм?

Максім Швед: «Апошняя змена» – гэта фільм, які змантаваны з «кучкоў» у тэлеграме, з камераў назірання. Усё дзеянне адбываецца ў адну пераднавагоднюю ноч у хостэле. І дзяўчына, якая там працуе адміністратаркай, увесь час распавядае, што ў гэтую ноч адбываецца з ёй, з гасцямі гэтага хостэлу. А там шмат што адбываецца. Пачынаецца ўсё вельмі дрэнна, бо ёй прыходзіцца дапамагаць чалавеку, які меў перадоз гераіну. Далей гэтае напружанне расце і расце. З таго самага хостэлу ёсць яшчэ камеры назірання, якія падмацоўваюць гэтую гісторыю.

РР: Ці можам мы сказаць, што для вас, ужо такога вядомага рэжысёра-дакументаліста, гэта ўжо стала спроба мастацкага кіно. А мы ўжо прывыклі, што Максім Швед – гэта ўсё ж такі беларуская тэматыка, крыху палітыкі, крыху грамадскага зрэзу. А тут можа больш польскі ракурс? Ці памяняўся ваш рэжысёрскі вопыт, досвед і далейшая практыка?

Максім Швед: Шчыра кажучы, гэта найбольш дакументальнае кіно з усяго, што я рабіў раней. Бо гэта матэрыял не быў задуманы мною, як часам бывае, што ты нешта прыдумаў. Тут было трошкі наадварот. Я пабачыў гэтыя тэлеграмныя кружочкі, адзін за адным гляджу і кажу: гэта ж фільм нейкі. І падумаў, я ж рэжысёр, калі гэта фільм, то трэба нешта з гэтым рабіць. І ён у мяне ляжаў недзе год. Увесь час думаў: трэба, трэба, трэба. Потым абвясцілі прыём заявак на Бульбамове. Думаю, ну ўсё, у мяне няма ў гэтым годзе ніводнага фільму, трэба нешта змантаваць. І я зматываваны гэтым Бульбамове, змантаваў гэты фільм.

Шчыра кажучы, я думаю пра гульнявое кіно. Я і шмат хто з маіх калегаў трапілі ў такую пастку з дакументальным кіно, што з аднаго боку гледачы стаміліся ад беларускай тэмы, бо яна вельмі траўматычная. Бо гэта будзе ці пра эмігрантаў, ці пра падзеі ў Беларусі. Гэта ўсё вельмі складана глядзець, бо зноў-такі нейкая траўматызацыя наступае. Сусветнай супольнасці гэта таксама, як бы ты не распавядаў, не так цікава. І гэта бачна на ўзроўні падтрымкі кіно. І здымаць такое кіно, знаходзячыся па-за Беларуссю, гэта таксама вялікі творчы выклік, які складана вырашыць. Таму сёння цяжкавата з дакументальным кіно. Я проста па-чалавечы стаміўся, бо буйныя праекты вымагаюць шмат энергіі і часу. У мяне зараз, як у эмігранта, і энергіі, і часу няшмат. Я ўвогуле думаю пра сыход з прафесіі. Але пакуль мяне яна не адпускае.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Максіма Шведа.