BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Маламажэйкаўская царква на паштовай марцы

19 верасня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне дзве паштовыя маркі і блок з серыі “Архітэктура Беларусі”. Праваслаўныя храмы». Адна марка прысвечана Свята-Петрапаўлаўскаму кафедральнаму сабору ў Гомелі, другая – Маламажэйкаўскай царкве Шчучынскага раёна.

Свята-Петрапаўлаўскі кафедральны сабор у Гомелі – адзін з самых велічных праваслаўных храмаў у Беларусі, вышыня якога складае 25 метраў. Пабудаваны ў маляўнічым кутку Гомеля – на высокім мысе, утвораным ракой Сож і Кіеўскім спускам, па праекце архітэктара Джона Кларка ў стылі класіцызму. Будаўніцтва скончана ў 1824 годзе, і 9 мая храм быў асвечаны.

Царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна (вядомая яшчэ як Маламажэйкаўская або Мураванкаўская) – храм абароннага тыпу, пабудаваны на насыпным узгорку, як прынята лічыць, у 1524 годзе і ўвабраўшы ў сябе рысы готыкі і рэнесансу. Узорыстыя скляпенні, характэрныя для гатычных храмаў, у Мураванкаўскай царкве незвычайна мастацкія. Магутныя слупы-калоны, якія падзяляюць памяшканне на тры нефы, уверсе нібы расцвітаюць, распадаючыся на мноства галін-пялёсткаў.

У дзень выпуску паштовых марак і блока ў абарачэнне на паштамце Менска, у аддзяленні паштовай сувязі № 48 Гомеля, аддзяленні паштовай сувязі аг. Скрыбаўцы Шчучынскага раёна будуць праводзіцца спецыяльныя гашэнні на канверце «Першы дзень».

Беларускае Радыё Рацыя