Ініцыятыва MALDZIS 7 сакавіка набыла на аўкцыёне ў Польшчы рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя, які паходзіць зпарафіі недалёка ад Гародні. Гэта вельмі каштоўная крыніца інфармацыі пра тагачаснае канфесійнае і свецкае жыццё рэгіёна.

Гаворка пра так званы капіярый – рукапісны зборнік службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці.
У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцёльных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла і шмат іншага.
Большасць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784–1850). Яны вяліся цягам 14 гадоў і датуюцца першай паловай XIX стагоддзя.
Кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч:
“Амаль штодзень недзе ў свеце прадаюцца калекцыйныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. Але сустрэць у продажы каштоўнасць, вывезеную з беларускай тэрыторыі, звязаную з ёй зместам і праз паходжанне, калі да таго ж месца ўзнікнення дакладна вядомае, – гэта сапраўдная рэдкасць”.
Рукапісная кніга была набытая на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага.
У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца – у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.
Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:
“У гэтай гісторыі, як і ў іншых праектах нашай ініцыятывы, важна, што знайшоўся беларус, які прафінансаваў выкуп рукапісу, каб гэты архіў не трапіў у прыватныя калекцыі, а вярнуўся ў Беларусь у якасці грамадскага падарунка”.
У найбліжэйшых планах MALDZIS – адлічбаванне рукапіснага зборніка, каб зрабіць яго дасяжным для ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў.
Аўкцыёныя фотаздымкі рукапіснага рукапісны архіву можна знайсці на сайце — https://maldzis.world/maldzis-vjartae-starada-ni-arhi-parafii-z-garadzenshchyny/
MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы дзеля пошуку каштоўнасцяў, іх набыцця, ушанавання памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртання забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру. І такія набыткі, як літаграфіі Напалеона Орды, карта Беларусі Аркадзя Смоліча, “Вялікае майстэрства артылерыі”, “Жазло кіравання”, Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ці мапа Няпрэцкага, магчымыя менавіта дзякуючы грамадскім ахвяраванням.
Падтрымаць MALDZIS можна тут — https://maldzis.world/support-us/
Каманда Maldzis






