Ініцыятыва MALDZIS выкупіла першае выданне “Жазла кіравання” (“Жезлъ правленіѧ”) Сімяона Полацкага. Гэта адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі.

“Жазло кіравання” было надрукаванае ў Маскве ў 1667-ым годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага.
Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:
“Асветнік Сімяон Полацкі – постаць агульнаеўрапейскага маштабу і адна з самых яркіх асоб у гісторыі Усходняй Еўропы ў XVII ст. Шмат у чым ягонае жыццё і творчасць (у тым ліку кніга “Жазло кіравання”) адлюстроўваюць культурную спецыфіку Беларусі як еўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасцю і гістарычнай спадчынай, якая склалася ў выніку сінтэзу традыцый і ўплываў Захаду і Усходу”.
Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:
“Кніга “Жазло кіравання” з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала. “Жазло кіравання” лічыцца першым значным палемічным творам у расейскай гісторыі”.
У выніку шматпакутнага гістарычнага развіцця ў Беларусі засталося вельмі мала выданняў знакамітага палачаніна.
Ініціятыва MALDZIS мае патрэбу ў падтрымцы даследчай працы дзеля пошуку каштоўнасцяў, іх набыцця, ушанавання памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртання забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру. І такія набыткі, як “Жазло кіравання”, Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ці мапа Няпрэцкага, магчымыя менавіта дзякуючы грамадскім ахвяраванням. Падтрымаць MALDZIS можна тут — https://maldzis.world/support-us/.
Беларускае Радыё Рацыя