BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Маляваныч пра жыццё і творчасць у эміграцыі

Беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч (таксама вядомы як Маляваныч) працягвае адаптоўвацца ў Варшаве. Нагадаем, улетку творца пераехаў з Грузіі ў Польшчу. Цяпер тут ён актыўна ладзіць сустрэчы з публікай, майстар-класы, а таксама ўдзельнічае ў іншых актыўнасцях. У нядзелю ж – 13 кастрычніка – дзеяч выступіў у Варшаве на пляцоўцы “Прастора”. Пра гэтую падзею і наогул сваё цяперашняе жыццё Аляксандр Ждановіч распавёў нашаму радыё:

РР: Як праходзіць ваша адаптацыя з пункту гледжання творчасці?

Аляксандр Ждановіч: Усё ў гэтым жыцці можна ацаніць у параўнанні. Я дзеля таго і з’язджаў з Грузіі, якая насамрэч мне даволі блізкая аказалася па духу неяк, дзеля таго, каб знаходзіць больш магчымасцяў сустракацца з беларускім гледачом, развівацца неяк творча. У мяне ўвогуле поўнае адчуванне, што я жыву на нейкай беларускай выспе. Гэта мора нейкае, якое называецца Польшча. У яго сярэдзіне выспа, якая не такая ўжо маленькая, якая называецца Беларусь. Цалкам камунікую толькі з гэтымі людзьмі, якія жывуць на гэтым востраве. Гэта толькі Варшава пакуль, яшчэ наперадзе чакаюць Познань, Уроцлаў, Гданьск. Разумееце, усё ж такі асноўная частка тых людзей, якія з’ехалі пасля 2020 года, так ці інакш альбо маюць нейкае дачыненне да культуры, альбо з’яўляюцца тымі, хто спажывае гэтую культуру. Гэта ўсё ж такі інтэлігентная публіка, якой спадзяюся патрэбна, у тым ліку тое, што я спрабую рабіць. Пакуль усё дзякуй Богу.

РР: Калі вы ладзіце мерапрыемствы ў эміграцыі, ці робіце вы псіхалагічную дапамогу?

Аляксандр Ждановіч: Ты маеш на ўвазе тое, што нейкае адчуванне траўматычнасці, стрэсавасці, яно як бы ёсць? Безумоўна. Я і сам у такой жа сітуацыі. Напэўна нават адна з мэтаў таго, што я спрабую ў творчым плане рабіць і чым я бачу прызначэнне нейкае, калі так ужо так казаць. Менавіта ў тым, каб падтрымліваць. Той жа самы вобраз Маляваныча, які звязаны з дзяцінствам, з усім такім нечым светлым, пазітыўным, таго чаго не хапае ў эмігранцкім жыцці. Але з іншага боку першая частка вечарыны яна такая, кожны раз баюся, каб не зашмат. Гучаць вершы і пра балючыя тэмы, але мне падаецца, што нельга рабіць выгляд, што мы перагарнулі старонку і забылі 2020 год і ўсё, што адбылося. Яно там унутры жыве і ўсё роўна трэба неяк узаемадзейнічаць. На ўзорах паэзіі, лепшай паэзіі, беларускай паэзіі, чытаючы і слухаючы гэта, Мне падаецца, што мы ўсё ж такі неяк гэтую траўму перажываем і неяк спраўляемся з ёй.

РР: У вас адбылася сустрэча ў Варшаве. Якія творы вы абіралі для гэтай падзеі?

Аляксандр Ждановіч: Гэта ўжо не першыя канцэрты ці творчыя сустрэчы. Я асабліва не мяняў рэпертуар, ты я ж аўтары: Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч. Мяняецца, вельмі важны, сама прастора. У прасторы ўтульней, яна мае свае плюсы. Мне падабаецца, што такая цёплая і ўтульная атмасфера, простая.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З Аляксадрам Ждановічам гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя