Маніторынг рэпрэсій у культурніцкім асяродку сёлета таксама ўвойдзе ва Універсальны перыядычны агляд. А гэта – універсальна прызнаны механізм Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), які ўяўляе сабой комплексны і ўсёабдымны агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх дзяржавах-сябрах ААН.

Якая інфармацыя там будзе пра Беларусь – расказвае Таццяна Нядбай з беларускага ПЭНу. У лістападзе ў Жэневе збіраецца асноўная сесія, дзе выступіць і афіцыйная беларуская дэлегацыя:
– Для таго, каб іншыя краіны маглі задаць адпаведныя пытанні, беларускія праваабарончыя арганізацыі рыхтуюць альтэрнатыўныя справаздачы. Беларускі ПЭН выступіў сёлета з такой супольнай справаздачай суаўтарам, але і падрыхтаваў разам з Амерыканскім ПЭНам і Міжнародным ПЭНам сваю справаздачу, якая сканцэнтравана менавіта на культурных правах.
Гэта важны этап, бо патрабаваў грунтоўнай падрыхтоўкі, дадае Таццяна Нядбай. З 2019 году беларускі ПЭН рабіў маніторынг, дзе фіксавалі факты парушэння правоў у сферы культуры. Сёлета гэта інфармацыя трапіць у даклады ААН.
Беларускае Радыё Рацыя






