На апошніх летніх выходных у Беластоку прайшоў пяты выпуск Фестываля “Жанчыны Усходу”. «Цвіком» праграмы стаў выступ Ансамбля песні і танца „Kurpie Zielone“ — аднаго са найстарэйшых калектываў такога тыпу не толькі ў Падляшскім ваяводстве, але і ў Польшчы. Калектыў складаецца са студэнтаў і працоўных не толькі з Беласточчыны, але з усяго Падляшскага ваяводства.
Вольга Сямашка пагутарыла з кіраўніцай вакальнай групы пры Ансамблі песні і танца „Kurpie Zielone“ Мартай Шалкевіч пра песеннае жыццё калектыву і сёлетні набор у групу:
— Я працую ў Падляшскім інстытуце культуры і я вяду вакальную групу пры ансамблі песні і танца „Kurpie Zielone“. І мы пераважна выконваем рэпертуар з Сувальшчыны, з Курпі і з Падляшша. З Падляшша польскага і з Падляшша беларуска-украінскага, таму што Падляшша вельмі цікавае тым, што там у прымежных зонах, у прымежных вёсках вельмі шмат засталося песень у дыялектах беларускіх і ўкраінскіх. Гэта не зусім беларуская і ўкраінская мовы, гэта такія мясцовыя дыялекты. Гэтыя песні вельмі цікавыя і мы выконваем песні і па-польску, і ў гэтых дыялектах. І гэта для нас вельмі важна, таму што гэта паказвае, наколькі Падляшша як рэгіён разнастайны, наколькі яно цікавае і не нуднае.
РР: Калі пачулі вашыя спевы мастакі, у тым ліку з Беларусі і Украіны, сказалі, дакладна пяюць беларусы. І я пайшла пытаць. Вы кіраўніца калектыву, наколькі чуваць беларускасць для падляшскай песні цяпер?
— Ну, тут беларускасць, мне здаецца, вельмі важная, бо Падляшша — вельмі вялікі рэгіён. І ўсе ведаюць, што бліжэй да Украіны больш украінскіх вёсак, а бліжэй да Беларусі больш беларускіх вёсак, і там сапраўды людзі паміж сабой размаўляюць у такім беларускім дыялекце. Гэта не зусім беларуская мова, як на мяне, таму што, калі я размаўляла па-беларуску, у мяне было больш, як бы, літаратурна. У іх гэта такі дыялект, дзе яны ўплятаюць вельмі шмат розных слоў, якія нават мне часам незразумелыя, але мне здаецца, вельмі важна, каб паказваць, што прымежныя рэгіёны Польшчы вельмі цікавыя тым, што там вось менавіта жывуць людзі, якія сябе адчуваюць беларусамі, украінцамі, якія спяваюць вось гэтыя розныя песні, і мне здаецца, што гэта вельмі важна, таму што, ну, каб не было нудна. Прымежныя раёны самыя разнастайныя і самыя цікавыя.
РР: Дзе вы бераце рэпертуар для сваіх песняў, для калектыву? Ці збіраеце фальклор па Падляшшы?
— Мы часам сустракаемся са старымі спявачкамі, якія яшчэ спяваюць гэтыя песні, але, на жаль, іх зараз менш і менш. І месца, дзе я працую, гэта Падляшскі інстытут культуры. Яны раней называліся „Wojewódzki Ośrodek Animacji Kultury“, і яны працавалі з цэлай вобласцю. Там падтрымлівалі культуру, распаўсюджвалі яе і рабілі ўсё магчымае, каб яна там квітнела. І ў іх засталося вельмі шмат зборнікаў з песнямі, якія запісаны проста нотамі, запісаны нотамі і тэкстам, і большасць песень мы бяром са зборнікаў. Часам мы кантактуем асабіста з гэтымі спявачкамі, а яшчэ бяром з запісаў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З „Госцяй Рацыі“ — кіраўніцай вакальнай групы пры Ансамблі песні і танца „Kurpie Zielone“ Мартай Шалкевіч, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя