BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыя Кашапава: “Калі ў мяне няма творчасці, то я нібы ў дэпрэсіі”

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – новая рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Першай госцяй праекту стала Марыя Кашапава – суарганізатарка беларускага Арт-Маркету ў Варшаве, рамесніца, актывістка.

Я пачала займацца творчасцю яшчэ ў дзяцінстве. Рабіла пацеркі, вязала кручком. Затым – у 2018 годзе – упершыню паспрабавала зварку, лазерную рэзку. І мне гэта вельмі спадабалася. Дарэчы, лазер можа рэзаць самыя розныя матэрыялы, нават метал!

Літаральна адразу ж пасля рэлакацыі з Беларусі ў Варшаву пасля вырашэння ўсіх побытавых пытанняў тыпу школа-садок-песэл, я зразумела, што хачу неяк пазначыць, што я – беларуска. І тады мне прыйшла ў галаву ідэя зрабіць упрыгожванне з нацыянальным арнаментам. Пры гэтым я хацела зрабіць нешта сучаснае. Так у мяне з’явіліся завушніцы і падвескі.

Калі я падрыхтавала цэлую калекцыю завушніц з бел-чырвона-белым арнаментам, я знайшла краму ручных вырабаў, якія адкрылі беларусы, і панесла туды свае вырабы. Але мне адмовілі: сказалі, што завушніцы не пасуюць. Безумоўна, я была расчараваная! Але пасля я пайшла да Стасі Гліннік у Беларускі Моладзевы Хаб і сказала: “А давай правядзем беларускі Арт-Маркет у Хабе!” Яна пагадзілася. Менавіта такім чынам і адбыўся самы першы Маркет. Я проста хацела прадаць свае вырабы.

Свой першы Арт-Маркет я арганізоўвала самастойна на Пляцы Канстытуцыі 6. Тады яшчэ там быў Беларускі Моладзевы Хаб. У ім паўдзельнічала каля 12 майстроў. Бюджэт на ўсё пра ўсё быў нуль, я рабіла ўсё выключна сваімі сіламі. Пазней зладзіла яшчэ некалькі такіх, “сольных”, кірмашоў. А праз час, ужо разам з другой з арганізатаркай Любоўю Шыбаршынай, мы правялі сумесны Маркет. Гэта было ў снежні 2022-га, акурат перад Новым годам, у Музеі Вольнай Беларусі. Там было значна больш людзей. Ды і ўдвох праводзіць было лягчэй: мы падзялілі працу і змаглі ўжо ўдзвюх заняцца піярам падзеі.
Цяпер мы праводзім Маркеты стабільна раз на месяц. Ён мае назву “Art Craft House”. Гэта месца, дзе можна сустрэцца з сябрамі, пачаставацца слодычамі, мясам ці блінцамі і, безумоўна, набыць вырабы. У нас насамрэч безліч усяго: біжутэрыя, кераміка, адзенне, аксесуары для дому, свечкі, капелюшы… Ужо ёсць сталы склад майстроў, але прыходзяць і “навічкі”. Плюс цяпер мы вярнулі магчымасць аддаленага ўдзелу. То бок майстры з іншых гарадоў могуць дасылаць нам свае вырабы на рэалізацыю, і ім не трэба з сваім прыязджаць у Варшаву. Гэту зручна. Таксама ў нашых планах не толькі ладзіць маркеты, але і праводзіць розныя навучальныя семінары, марафоны, фотасесіі для рамеснікаў. Мы пачалі ўжо гэта рабіць.

– Ці заўважала ты, у чым асаблівасць беларускіх майстроў?
– На мой погляд, не варта падзяляць майстроў па нацыянальнасцях. Майстры – гэта людзі, якія займаюцца сваёй дзейнасцю ў задавальненне. Для іх гэта хобі. Ёсць і тыя, што хочуць на гэтым зарабляць. Тады яны ўдзельнічаюць у нашых маркетах і прасоўваюць свае старонкі ў сацсетках.

Адметна, што аналагі вырабаў, якія прадаюцца на нашым Маркеце, можна набыць у мас-маркетах. Таму я б не казала, што тут назіраецца запатрабаванасць вырабаў беларускіх рамеснікаў. Але тут важная актыўнасць самых майстроў. Што ты робіш, каб твае вырабы куплялі? Як знаходзіш пакупніка? Якія пляцоўкі выкарыстоўваеш, якія магчымасці? Бо часта здараюцца гісторыі, калі майстар робіць выбары, яны падабаюцца сябрам, але рамеснік не ведае, як пашырыць аўдыторыю. І тады з’яўляецца расчараванне: калі ў мяне не купляюць, значыцца, я дрэнны майстар. Але гэта можа быць абсалютна не так. Узаемадзеянне з аўдыторыяй вельмі важнае!


Наогул цяпер беларусы сталі часцей звяртацца да сваіх каранёў, даведвацца больш пра сваю культуру. Стала модным неяк сябе пазначаць. Таму і пачалі выкарыстоўвацца арнаменты.
Але з імі не ўсё так проста і адназначна.

Аднойчы я уступіла ў групу ў сацсетцы, якую стварыла беларускі народны майстар. Яна збірала арнаменты, перамалёўвала і дадавала ў выглядзе вышыўкі. І вось аднойчы нехта з каментатараў суполкі напісаў ёй, маўляў “хачу арнамент, які б аберагаў”. Майстар адказала, што такога арнаменту быць не можа: бо да першаснага ўзору-абярэгу кожны майстар з цягам часу дадаваў сваё і таму цяпер гэтыя выявы крыху змянілі свой сэнс.

Калі пачытаць тэматычную літаратуру, то можна заваўжыць, што там меркаванні майстроў таксама адрозніваюцца. Таму я вырашыла ствараць па матывах беларускага арнаменту нешта сваё і паўтараць без дадатковага сэнсу тыя ўзоры, якія ўжо аблічбаваныя. Галоўным чынам гэта сімвал агню.

Цяпер мне падаецца, арнаментам ужо многія насыціліся. Але мне хацелася знайсці яшчэ нейкія матывы, якія маглі б быць цікавыя палякам. Бо на нашыя Маркеты завітваюць не толькі беларусы: на іх можна пачуць і французскую мову, і англійскую, і, вядома, польскую. Таму я вырашыла зрабіць і драўляныя ўпрыгожванні для дому з валошкам і буслом. У мяне ёсць серыі з імі. Нават ёсць яшчэ непафарбаваныя: то бок тыя, якія можна размаляваць самому.

P.S. Творчасць для мяне – важная рэч, бо творчасць – частка любога чалавека. Бо кожны чалавек стварае песні, слова, відэа, нешта будуе. Калі ў жыцці чалавека няма творчасці, яму вельмі складана жывецца. Мне падабаецца перадаваць сваё бачанне свету, таго, як я ўспрымаю наваколле. Праз свае вырабы я пакідаю свой след. Я дапамагаю іншым людзям нешта выражаць: напрыклад, тое, што яны – беларусы.

Калі ў мяне няма творчасці, то я быццам у дэпрэсіі знаходжуся. Калі я не ствараю вырабы рукамі, тады я прыдумляю нейкія мерапрыемствы.
Што датычна фінансаў, то тут трэба шмат працаваць над маркетынгам: трэба думаць пра кошты, піяр, пашырэнне кліентуры. Я не магу сказаць, што я на гэтым шляху моцна прасунулася, але ў любым выпадку гэта значна лепш, чым было першапачаткова, калі я проста рабіла і нават не спрабавала прадаваць.

Беларускае Радыё Рацыя