Міністр культуры Анатоль Маркевіч, відаць, перачытаў метадычкі з савецкіх часоў. Яму б у савецкія часы жыць. Ці яшчэ горш у сталінскія. Вось бы дзе спатрэбіўся ягоны імпэт. А вось у 21 стагоддзі ягоныя ўсе выступы патыхаюць нафталінам. Так і хочацца ўвесь ягоны вобраз з выказваннямі выкінуць на сметнік гісторыі. Бо так ужо ў цывілізаваным сучасным свеце не гавораць. Самі мяркуйце: міністр культуры заявіў, што беларуская культура ачысцілася ад дэструктыўных элементаў. Ну, нарэшце маскі скінутыя. Цяпер мы дакладна ведаем, хто мы для цяперашніх уладаў Беларусі. Раней неяк з імі спрабавалі супрацоўнічаць, а яны, аказваецца, і не хацелі гэтага. Для іх мы ўсе, аказваецца, дэструктыўныя элементы. Добра, што яшчэ да заклікаў да расстрэлу не дагаварыўся.
Як піша адна дзяржаўная агенцыя, міністр культуры параўнаў работнікаў культуры з войскам, якое мабілізавалі на духоўную бітву за Беларусь і якое знаходзіцца на культурным фронце. Ну ўсё, толькі ордэна Маркевічу не хапае і генеральскага звання. Так і ўяўляецца міністр культуры і генерал з ордэнамі. Галоўнае, ордэнаў паболей. Каб ужо на ўсе грудзі былі. І тады ніводны дэструктыўны элемент не пройдзе ў Беларусь, бо на ахове стаіць генеральскі міністр культуры і ягонае войска.
Беларускае Радыё Рацыя