BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра каланізатараў

Што бывае, калі гісторыю краіны пішуць каланізатары? Гэта выдатна бачна на прыкладзе цяперашняй палітыкі памяці ў гарадах Беларусі. Дзе за ноч мяняюць назву вуліцы, якая называлася ў гонар нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, на вуліцу імя мясцовага камуніста-русіфікатара. Дзе адкрываюць зоркі славы ў гонар расейскіх поп-спевакоў з сумнеўнай рэпутацыяй і яшчэ больш сумнеўнымі заслугамі. Дзе цэнтральныя плошчы і вуліцы гарадоў носяць назвы ў гонар бальшавікоў-прыхадняў.

У Магілёве пайшлі яшчэ далей. Тамтэйшы гарвыканкам падвёў вынікі грамадскага абмеркавання праекта новага музея на Замкавай гары. Вынікі грамадскага абмеркавання былі падсумаваныя ў найлепшых традыцыях беларускай выбарчай сістэмы, якая дэманструе стабільную падтрымку ўсіх уладных пачынанняў. Галасы праціўнікаў праігнаравалі, затое прыхільнікаў палічылі ўсіх і памножылі, відаць, на чатыры. Выглядае на тое, што музею «знаходжання ў Магілёве Стаўкі цара Мікалая ІІ» быць. Пры гэтым цяперашніх гарадскіх начальнікаў не надта засмучае тое, што дадзены музей паўстане ў гістарычным цэнтры старажытнага беларускага горада, што прывядзе да знішчэння вялізнага аб’ёму культурнага слою. Таксама будзе знішчаны адзін з нешматлікіх магілёўскіх паркаў – парк Горкага. Затое гараджане будуць ашчасліўленыя музейным комплексам у гонар дзіўнаватага персанажа Мікалая ІІ, які нават у расейскай гістарыяграфіі ацэньваецца, мякка кажучы, з розных пазіцый. Цікава, што ўсе гэтыя прыхільнікі расейскага манархізму, якія прасоўваюць ідэю музея царызму, насілі ў дзяцінстве акцябрацкія зорачкі і навязвалі піянерскія гальштукі. Вось такі ідэалагічны вінегрэт.

Беларускае Радыё Рацыя