Беларусы вось ужо некалькі год думаюць, навошта было граміць некалькі паспяховых беларускіх выдавецтваў, абвяшчаць творы таленавітых літаратараў з глабальным прызнаннем «экстрэмісцкімі», садзіць на дзікія тэрміны музыкаў «Тор Бэнд» ні за што… А цяпер зразумелі. Усё гэта рабілася для таго, каб цяперашні міністр культуркі мог урачыста адкрыць у Віцебску ў гонар банальнага рэстараннага лабуха Лепса імянную зорку. Дадзенае мерапрыемства адбывалася ў межах Славянскага базару. Віцебск, які некалі бачыў Юдаля Пэна, Марка Шагала, Казіміра Малевіча і дзясяткі іншых, знакамітых на ўвесь свет людзей, прызямлілі да роўню чалавека, які ў п’яным выглядзе ў растовах-варонежах пахабна жартуе са сцэны, б’е сваіх фанатак і “выкідае” розныя “нумары”.

За што ж Лепсу выдалі ўзнагароду «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразуменне»? Можа, за тое, што ў 1990-х гадах ён бавіў час, як паведамляла выданне Forbes, у кампаніі крымінальных аўтарытэтаў Грыгорыя Лучанскага і Умара Бокава? Ці, можа, за тое, што незаконна ездзіў на гастролі ў акупаваныя РФ рэгіёны Украіны? Разоў так 10, як падае інфармацыю ўкраінскі сайт «Міратворац». А ўвогуле, шкада матэрыялу, з якога зробленая “зорка гонару” Лепса. І працы людзей, якія яе ўсталёўвалі, таксама шкада. Калі ўсё зменіцца, давядзецца выдаткаваць з бюджэту пэўную суму, каб яе дэмантаваць.
Беларускае Радыё Рацыя






