BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра тое, хто пакрыўдзіў Караткевіча

З’явіўся тызер да фільма, які зняў Беларусьфільм пад назвай “Чорны замак”. Як напісана ў анатацыі, фільм зняты паводле матываў рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Афіша і сам тызер фільма, знятага нібыта паводле матываў беларускага класіка, зробленая па-расейску. Але калі б справа была толькі ў мове. Гэта ўсё выпраўляецца дубляжом. Cама карціна, калі сыходзіць з тызера, троху нагадвае расейскі фільм “Начны дазор”, які з’явіўся на тэлеэкранах 20 гадоў таму. Толькі справа ў тым, што наш беларускі Караткевіч зусім не іхні Лук’яненка.

Здымак ілюстрацыйны

Адам Мальдзіс казаў пра Караткевіча, як пра творцу, які ўзнёсся над сваім часам, узнёсся да вяршынь айчыннай і сусветнай літаратуры. Каб зняць фільм паводле твораў такога пісьменніка трэба таксама ўзнесціся над часам да вяршыць сусветнага кінематографу. І што вы думаеце?

Рэжысёр новай стужкі Беларусьфільма — Кірыл Кузін. Я звярнулася да гугла, каб паглядзець, хто гэта такі? Цяжка было знайсці штосьці канкрэтнае з біяграфіі, акрамя таго, што нарадзіўся ў 1974 годзе. А яшчэ вучыўся ў майстэрні расейскага рэжысёра Юрыя Грымава, здымаў рэкламу для Газпрому, а таксама быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам некалькіх выпускаў нізкаякаснага расейскага шоу “Comedy Woman”. Сярод ягоных прац — фільм“Мой сябар Фідэль”, прысвечанага піянерскім лагерам на Кубе, тэлешоу “Пара Піначэтаў”, якое раскрытыкавалі за туалетны гумар і ненарматыўную лексіку, серыял “Лонданград” пра жыццё расейцаў у Лондане. І вось гэты рэжысёр, які мала ўяўляе, што такое беларуская культура і мова, здымае фільм паводле матываў нашага класіка Уладзіміра Каракеткевіча. Уладзімір Караткевіч пры жыцці не заспеў фільма паводле ягоных твораў, які б задаволіў пісьменніка. І вось пасля ягонай смерці сітуацыя, выглядае на тое, зусім не выправілася.

Беларускае Радыё Рацыя