BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра туалетны патрыятызм

Іван Зданюк у прыбіральні “Варкі” / фота з інстаграм-акаўнту спевака

Трэба пражыць жыццё так, каб твая музыка гучала ў грамадскіх прыбіральнях. Поп-выканаўца Іван Зданюк, якога заўважалі на розных праўладных мерапрыемствах у падтрымку саміведаецекаго, дабіўся вельмі важнай справы. Ён дамогся ад адміністрацыі адной сталічнай кавярні, каб яны адмовіліся ад нейкай замежнай папулярнай песні, якая гучала, калі наведнікі прыбіральні націскалі на адмысловую чырвоную кнопку. А замест чужога шлягера спявак прапанаваў сваю песню пад назвай “Пачуцці”. Цяпер, як піша выданне “Наша Ніва”, у туалеце кавярні гучаць менавіта “зданюкоўскія пачуцці”. Ну, што тут сказаць… Можна парадвацца за чалавека. Хоць дзесьці ягоныя трэкі круцяць. Не на радыё, дык у прыбіральні. І зусім не важна, што функцыя такой туалетнай музыкі, як самі разумееце, каб прыглушаць лішнія шумы. Хаця наведнікам той кавярні можна шчыра паспачуваць. Гэта ж падчас такога досведу жыццёвага можа зусім адбіць ахвоту хадзіць у кавярні. Мала таго, што прапагандай увесь час забіваюць галаву. Дык ад гэтага ўсяго нават у туалеце не схавацца. Як напісаў адзін каментатар: “Што за краіна?! Нават у туалет схадзіць спакойна не даюць.”

Беларускае Радыё Рацыя