BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра забароненых ваўкалакаў

У менскай галерэі “Мастацтва” закрылі выставу “Беларускі бестыярый”. Выстава была прысвечаная героям беларускай міфалогіі. Розным там нячысцікам, ваўкалакам, русалкам, дамавікам. Карацей, тым істотам, пра якіх пісаў пісьменнік і фалькларыст Ян Баршчэўскі ў творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Здымак з выставы «Беларускі бестыярый» / «Звязда»

Выстава “Беларускі бестыярый” была адкрытая ўсяго два дні: пасля чаго яе закрылі. А прычына ў тым, што нейкая прарасейская прапагандыстка Святлана Жыгімонт напісала ў сябе ў тэлеграм-канале ажно два пасты з гэтай нагоды: “Чудесные выставки проходят в Палаце в Великий пост” і “Ну ничего, будет вам, окаянные, ответственные за воспитание народа, бестиарий. Будет!” Як той казаў, Чужыя грахі перад вачыма, а свае за плячыма. Вялікі пост – гэта дакладна не час для нянавісці і пагроз. А ўвогуле ў сталінскія часы дзве брашуры з казкамі Баршчэўскага – “Начэпнасць” і “Чорнакніжнік і змяя, што вылупілася з пятушынага яйца” – у 1937 годзе, згодна з загадам Галоўліта БССР былі ў ліку кніг шкоднага зместу. Яны падлягалі адабранню з бібліятэк і навучальных устаноў рэспублікі. Добра, што прарасейская прапагандыстка не чытала Яна Баршчэўскага і іншых нашых фалькларыстаў, інакш бы і іхнія кнігі таксама адабралі б з бібліятэк, як закрылі выставу пра беларускі бестыярый. Праўда, на дварэ ўжо 21 стагоддзе, але, на жаль, дыктатура невукаў усё яшчэ мае месца.

Беларускае Радыё Рацыя