Не паспела беларуска Марына Васілеўская вярнуцца з космасу, як яе ўжо збіраюцца ўвекавечваць у мастацкіх творах. Народны мастак Беларусі Іван Міско, ужо ўзяўся рабіць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную яе палёту.

«Цяпер ідзе творчы працэс, ідзе праца над гэтай скульптурнай кампазіцыяй, таму рана яшчэ раскрываць дэталі», — паведаміў 92-гадовы творца.
Варыянтаў скульптуры, паводле яго, шмат, а канчатковы варыянт будзе ўзгадняцца і з Марынай Васілеўскай, і з яе напарнікам па палёце, расейскім касманаўтам беларускага паходжання Алегам Навіцкім. Адно, што Міско сказаў з вялікай упэўненасцю: задуманая скульптурная кампазіцыя будзе з бронзы і граніту.