Арганізатары калектыўнай выставы «Podlaski wymiar sztuki», якая адкрылася тыдзень таму ў выставачнай зале Падляшскай оперы, правялі сустрэчу з мастакамі. Кожны з іх меў магчымасць расказаць пра сябе і пра свае карціны.

Першыя вынікі выставы падводзіць куратарка вернісажу Бернарда Нікітаровіч:
– Ну, мы вельмі шчаслівыя, бо вельмі шмат людзей прыйшло на вернісаж, і на працягу тыдня, я ведаю, шмат людзей наведвае гэтую выставу, і пра яе гавораць. Пра яе пішуць у сацсетках, і, мабыць, гэта і ёсць галоўная наша мэта, каб наблізіць мастацтва да жыхароў Беластока. Я думаю, што наведнікі выставы – розныя людзі: былі ўлады нашага горада, былі людзі, якія цікавяцца культурай, якія займаюцца культурнай сферай, мастацтвам. Былі таксама людзі з вуліцы, людзі, якія выпадкова ўбачылі, што ёсць такая выстава, што можна на яе прыйсці.
У выставе ўдзельнічае 28 мастакоў з Беластоку, Падляшша і з цэлай Польшчы. Яна будзе працаваць да 2 сакавіка. Наведнікі канцэртаў у Падляшскай оперы могуць наведаць выставу бясплатна, для іншых ахвочых білет каштуе 10 злотых.











Беларускае Радыё Рацыя






