Алег Кабзар скончыў Беларускаю акадэмію мастацтва і з 1996 года жыве на Беласточчыне. Ездзіць на пленэры, на якіх малюе мясцовыя краявіды, і піша песні. Хіба што найбольш вядомыя яго песні, напісаныя на вершы Надзеі Артымовіч, якія аб’яднаныя ў альбом «Бераг». Іх Алег Кабзар абавязкова выконвае на сваіх выставах і на вернісажах сяброў. Сёння ён Госць Рацыі. З ім паразмаўляў Васіль Кроква.

РР: Тваё мастацтва песні, як нарадзілася?
Алег Кабзар: Досыць позна я пачаў граць. Я пачаў граць толькі на студыях. У Акадэміі мастацтваў мы мелі гурт напрыканцы нашай вучобы з Аляксандрам Цімошчанкам і яшчэ некалькімі асобамі. Называўся ён “Бровар”. Гэта быў пачатак 90-х гадоў. З’явілася тады многа розных гатункаў піва. Раней было “Жыгулёўскае” і пару яшчэ нейкіх. А тут з’явілася некалькі дзясяткаў. Не маглі мы гэта абыйсці і назваліся “Бровар”.
РР: Песні пісалі самі ці выконвалі песні іншых аўтараў?
Алег Кабзар: Мы мелі аўтарскую праграму, на 100 адсоткаў мы самі пісалі музыку і словы. Ужо пазней, як прыехаў у Польшчу жыць стала, то я жыў у Бельску-Падляшскім, а там адбываецца фестываль “Бардаўская восень”. І калі ёсць такі фестываль, то ён заахвочвае напісаць і нешта паказаць людзям. Калі ёсць яшчэ такая патрэба нешта ўласнае сказаць, а такая патрэба была, яна нарадзілася яшчэ ў Менску. І ўвогуле я часта ездзіў з Гомеля ў Беласток, з Беластока ў Гомель і Бельск. І ўсё гэта цягнікамі. У цягніках найлепш мне пісаліся тэксты, з’явіліся ўласныя тэксты.
РР: А як увогуле нарадзілася ідэя напісаць альбом на словы паэткі Надзеі Артымовіч? Ты жыў у Бельску, ты быў знаёмы і сябраваў нават з ёй. Але вершы вельмі складаныя. І як ты набраўся смеласці напісаць такі альбом?
Алег Кабзар: Гэта паэзія нерыфмаваная. І я знайшоў у гэтай паэзіі рытм, мэтрум, які мне адпавядаў. Я пачуў мелодыі і гармоніі ў гэтых вершах. Мы пазнаёміліся з Надзеяй, калі пачаў жыць у Бельску. Трэба пазнаць чалавека такога плану, каб зразумець, як можна напісаць музыку, як пачуць увогуле гэты рытм.
РР: Прайшло досыць часу, як гэты альбом быў выдадзены. Сёння ты штосьці зрабіў бы інакш?
Алег Кабзар: Працуючы над гэтым альбоме, я меў многа часу, я не спяшаўся нікуды. І думаю, што форма, якая была рэалізавана на плыце “Бераг” з Надзеяй Артымовіч, яна і засталася. Будуць і ёсць ужо новыя песні, якія не ўвайшлі ў плыту “Бераг”, бо яны нарадзілся пасля выхаду плыты.
РР: А ёсць ідэя з гэтых новых песень зрабіць новы альбом – “Бераг 2”?
Алег Кабзар: Я думаю, што з часам дапішацца яшчэ некалькі новых песень і можа знойдзецца час у мяне і энергія, каб рэалізаваць тое, пра што ты гаворыш.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя