BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мастак, які маляваў Купалу, Чорнага і Глебку

16 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Івана Ахрэмчыка (1903-1971).

Іван Ахрэмчык нарадзіўся ў Менску. Скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве (1930). Выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, потым у Менскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Прымаў удзел у шматлікіх мастацкіх выстаўках.

Іван Ахрэмчык працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Творчасці Івана Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, уласцівы грамадзянскасць, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка, яснасць і дакладнасць пластычнай формы, цэласнасць каляровага вырашэння.

У Другую сусветную вайну мастак супрацоўнічаў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944). Стварыў шэраг тэматычных карцін, прысвечаных трагічным і гераічным падзеям. Пасля вайны напісаў адну з лепшых сваіх работ – «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958).

«Абаронцы Брэсцкай крэпасці»

Пэндзлю Івана Ахрэмчыка належаць дзясяткі партрэтаў, якія прысвечаны людзям творчых прафесій – артыстам, пісьменнікам, кампазітарам. Да іх мастак ставіўся з вялікай сімпатыяй, добра ведаў і з многімі сябраваў. Сярод іх – партрэты пісьменнікаў Пятра Глебкі (1943), Кузьмы Чорнага (1943), Піліпа Пестрака (1968) і іншых.

Кузьма Чорны

Вялікай творчай удачай стаў партрэт Янкі Купалы (1945). Жывапісец напісаў цудоўны твор, які па праву лічыцца адной з лепшых мастацкіх выяў беларускага песняра. Палатно пабудавана на кантрастах святла і ценю: на цёмным фоне як бы высветлена постаць паэта. Увага гледача скіравана на твар. На вуснах – усмешка, якую так добра перадаў мастак. Партрэт напісаны з добрым веданнем характару, незвычайнай цеплынёй. Твор экспануецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Менску.

Якуб Колас і Янка Купала

Творы жывапісца захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск), фондзе Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Імя Івана Ахрэмчыка прысвоена гімназіі-каледжу мастацтваў. Шматгадовая плённая творчая і педагагічная дзейнасць прынеслі народнаму мастаку Беларусі заслужаную павагу, удзячнасць яго сучаснікаў і шчырае захапленне нашчадкаў.

Беларускае Радыё Рацыя