Неардынарнай асобай у гісторыі беларускага мастацтва XX стагоддзя быў беларускі мастак Аляксандр Ісачоў (1955-1987), якому лёс адмераў крыху больш за 30 гадоў жыцця. 11 студзеня яму спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў у г. п. Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У трохгадовым узросце застаўся без бацькі. У хуткім часе маці з дзецьмі пераехала ў Рэчыцу. Вучыўся Аляксандр Ісачоў у Мазырскай школе-інтэрнаце. У 1967–1970 гадах – у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, з якой пасля чатырох гадоў навучання быў выключаны. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Рэчыцкай вячэрняй школе рабочай моладзі, працаваў тынкоўшчыкам у мясцовым рамонтна-будаўнічым упраўленні. У пачатку 1973 года мастак паехаў у Ленінград. Там ён апынуўся ў асяроддзі нефармальнай творчай моладзі, непрызнаных мастакоў. Юнак трапіў у атмасферу бурных абмеркаванняў, спрэчак, сходаў, удзельнічаў у некалькіх неафіцыйных выстаўках, адначасова знаёміўся з мастакамі-авангардыстамі і іх нетрадыцыйным жывапісам. Пад уплывам нефармальнай мастакоўскай плыні і сфарміраваўся Аляксандр Ісачоў як сапраўдны мастак са сваім незвычайным почыркам. У снежні 1973 года ён вярнуўся ў Рэчыцу і пачаў мэтанакіравана пісаць карціны. Асноўнымі тэмамі сюжэтных палотнаў становяцца біблейскія матывы – “Што ёсць ісціна…”, “Апошняя пропаведзь” (абодва 1976), “Укрыжаванне”, “Зняцце з крыжу” (абодва 1977) і інш. Мастак пачаў працаваць і над міфалагізаваным партрэтам – “Рахіль”, “Майсей” (абодва 1976), “Ісус” (1978) і іншыя. Палотны нескладаныя па кампазіцыйнай пабудове, поўныя ўнутранага драматызму. Вобразы святых-прарокаў вырашаны вельмі проста, але разам з тым пранізаны глыбокім лірызмам, пачуццямі болю і смутку. Адным з цэнтральных вобразаў з’яўляецца Ісус Хрыстос. Мастак стварае яго па-рознаму: з іконы глядзіць супакоены лік, які ўсяляе ў душу прасвятленне і надзею. На палотнах адсутнічаюць атрыбутыка і сімволіка, толькі адзін твар і галоўнае – вочы, у якіх не толькі мудрасць і любоў, але і моц, што гіпнатызуе. Пісаў таксама нацюрморты (“Нацюрморт з чарапамі” (1975), “Нацюрморт з падносам і адчыненым акном…” (1977) і інш.), пейзажы (“Травы”, “Дрэвы”, (абодва 1975), “Пасля патопу” (1977), “Мая зямля” (1978) і інш.). Жывапісныя работы Аляксандра Ісачова выкананы ў лесіровачнай манеры пісьма, вельмі працаёмкай і карпатлівай. Гэтую тэхніку, як і іншыя сакрэты жывапісу, ён спасцігаў самастойна.
З 1980-х гадоў пачаўся самы плённы этап у творчасці Аляксандра Ісачова. У мастака сфарміравалася дакладная творчая манера, выпрацаваўся непаўторны мастацкі стыль. Яго карціны адрозніваліся арыгінальнасцю рашэнняў і глыбінёй думкі. У пошуках новых мастацкіх формаў Аляксандр Ісачоў звяртаўся да культур старажытных цывілізацый Грэцыі, Егіпта, Індыі. На карцінах багі розных рэлігій суседнічаюць адзін з адным, атрыбутыка некалькіх культур часта прысутнічае на адным палатне (“Іскандэр”, “Маленне пра чашу” (абедзве 1981), “Тамерлан” (1982), “Апалон і душа” (1986), “Запрашэнне на пір” (1985–1987) і інш.). Вялікае месца ў творчасці мастака займае вобраз жанчыны (“Ісіда-Персефона”, “Ева”, “Ліліт” (усе 1982), “Магія” (1983–1984), “Персефона” (1984–1985), “Ля крыніцы” (1987), “Муза”, “Дрыяда” (абедзве карціны 1985–1987 гг.) і інш.). Свае персанажы мастак надзяляе асаблівым пачуццём, вытанчанасцю і раскошай. Яны чароўныя і грацыёзныя, напоўненыя экспрэсіяй і таямніцай. Адной з апошніх работ мастака з’яўляецца “Алегорыя мастацтва” (1983–1987), па якой можна меркаваць аб асноўных этапах творчасці Аляксандра Ісачова. Карціна падводзіць вынікі яго роздумаў аб тленнасці быцця і хуткацечнасці жыцця, сапраўдных ідэалах чалавечай прыгажосці і вечных духоўных каштоўнасцях. Мастак таксама займаўся графікай і іканапісам. Напісаў многа ікон для рэчыцкай Свята-Пакроўскай царквы, распісаў Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор у Мазыры, выконваў заказы і для іншых храмаў Гомельскай вобласці.
Працаваў Аляксандр Ісачоў вельмі шмат. У канцы 1987 года ў Рэчыцы адкрылася яго першая выстаўка карцін (сумесна са скульптарам Максімам Пажарыцкім). Праз два дні мастак памёр ад сардэчнага прыступу каля мальберта ў сваёй майстэрні. Пасля сябе Аляксандр Ісачоў пакінуў больш за 500 жывапісных палотнаў і тысячы графічных лістоў. Большая частка з іх не знайшла прызнання ў Беларусі і была вывезена ў Германію, Швецыю, Францыю, Ізраіль, ЗША і іншыя краіны. Сёння іх можна ўбачыць у галерэях Заходняй Еўропы, прыватных калекцыях. Невялікая калекцыя знаходзіцца ў Рэчыцкім краязнаўчым музеі. У 1988 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам Анатолем Алаем пра Аляксандра Ісачова быў зняты фільм “Не плачце па мне”. Слава і шырокая вядомасць прыйшлі недаравальна позна, але не іх шукаў мастак, проста яму было што сказаць людзям.
Беларускае Радыё Рацыя