Прыхільнікі творчасці заходнебеларускага паэта Міхася Явара (1903-1933) з Мастоўшчыны наведалі яго пахаванне на кладах каля вёскі Навасёлкі Луненскага сельсавета. Была акультурана тэрыторыя вакол магілы, аздоблена агарожа, ускладзены кветкі і запалены знічы. Тут жа было прачытана некалькі яго вершаў.

Паэт Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Карась) нарадзіўся 8 лістапада 1903 года ў вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах на беразе Нёмана. Тут прайшло яго дзяцінства.
Калі распачалася Першая сусветная вайна, юнак з бацькамі ў 1915 годзе знаходзіўся ў прымусовым бежанстве. У 1920-я гады ўсе вярнуліся дамоў ды пабачылі, што вёску спалілі казакі. У дарозе дамоў абрабавалі бальшавікі і ў дадатак польскія памежнікі. Зямлі было мала, а сям’я вялікая: маці, малодшы брат Васіль і сёстры Люба ды Вольга. Каб дапамагчы сям’і, Міхась пачаў рыбачыць. Добра ведаў рыбныя мясціны, лавіў шмат ды прадаваў у мястэчку Луна. Па дарозе спяваў. Меў цудоўны голас. Стаў актыўным дзеячам Беларускай сялянска-рабочай Грамады. Вось толькі тэрор, які развязалі камуністы ў Савецкай Беларусі супроць нацыянальных патрыётаў, успрыняў балюча. Акрамя грамадскай дзейнасці, ён пісаў вершы, друкаваўся ў часопісе «Шлях моладзі», беларускіх газетах, арганізоўваў вечары з пастаноўкай пʼес, з песнямі і танцамі. Кахаў вясковую дзяўчыну Анісю. Аднак бацькі не дазволілі ім пажаніцца. Нёман даў хлопцу пра сябе знаць, і ён захварэў на сухоты, невылечную тады хваробу.
24 ліпеня 1933 года быў прыгожы сонечны дзень. Аніся падымалася ад ракі на бераг. Насустрач ёй ішоў Міхась. Ён узяў дзяўчыну за руку і запытаў: «Ці хочаш ты жыць?» – «Я баюся сьмерці», – адказала яна. «Тады жыві сабе», – сказаў хлопец. Падышоў да грушы, зняў каптан, акуратна паклаў яго воддаль і выстраліў сабе ў грудзі. Малодшая сястра здагадвалася аб яго намеры, падкралася і ў момант стрэлу штурхнула ў локаць. Гэта спрычынілася да таго, што куля не патрапіла ў сэрца. Хлопца адвезлі ў Гарадзенскі шпіталь, дзе ён памёр 27 ліпеня.

Міхась Явар меў вялікую пашану ў людзей, таму, нягледзячы на яўнае самагубства, яго пахавалі на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана. У 1991 годзе настаўнік і краязнавец Алесь Белакоз на сесіі Луненскага сельсавета Мастоўскага раёна распавёў дэпутатам пра лёс Явара, яго творчасць, прачытаў вершы паэта. Пасля гэтага дэпутаты выказаліся аднагалосна за перайменаванне вуліцы Энгельса ў вуліцу Явара, па якой шмат разоў хадзіў паэт у мястэчка з рыбаю на продаж.
Беларускае Радыё Рацыя






