BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мэта “Нівы” – захаваць нашу памяць, як беларускай нацыянальнай меншасці”

4-га сакавіка 1956 года пабачыў свет першы нумар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Каштаваў ён 50 грошаў, а адказным за яго выпуск быў першы галоўны рэдактар тыднёвіка Георгій Валкавыцкі. “Ніва“ выходзіць дагэтуль. Госць Рацыі – цяперашні, з 1997 года, галоўны рэдактар Яўген Вапа.

Яўген Вапа

РР: Гісторыя “Нівы” ў многім – гэта гісторыя жыцця беларусаў Падляшша. Скажы, калі ласка, калі ты ўпершыню спаткаўся з тыднёвікам?

Яўген Вапа: Тыднёвік быў у нашай хаце, на яго падпісваліся мае бацькі, мае суседзі, і таксама падпісваліся людзі, якія жылі ў нашых гмінных мясцовасцях, у нашых вёсках. Гэта быў спецыфічны тыднёвік, які паказваў часта як выглядае жыццё ў горадзе для вясковага чытача. Адной з рэчаў была адукацыйная, культурная роля тыднёвіка “Ніва” у дачыненні да сваіх чытачоў, а таксама і простыя парады. А тое, што “Ніва” выйшла на дзевяць гадоў раней за маё нараджэнне, значыць, яна прыжылася, прыжылася сярод людзей. І дакуль мая памяць сягае, то менавіта ў нядзелю заўсёды для суседкі нашай, светлай памяці, якая не ўмела чытаць, бацька рабіў абавязковыя чытанні з “Нівы”, якімі карысталася і мая мама, бо ён чытаў для іх “Сэрцайку”, класічныя парады з хаты. І калі ўжо я пайшоў у школу і навучыўся чытаць на беларускай мове, бацька тады мне даручаў, каб я чытаў сваім суседкам “Ніву”.

РР: Адным словам, можна сказаць, што “Ніва” жыла ў народзе.

Яўген Вапа: Так, “Ніва” жыла ў народзе, і маю фотаздымкі, згадваючы бацьку, які да канца свайго жыцця, седзячы з лупаю за сталом, чытае “Ніву”, і гэта, калі яму было 90 гадоў. Гэта было штосьці вельмі важнае і патрэбнае для нас, як нацыянальнай меншасці.  

РР: Пяройдзем да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У краіне трывалі надалей фундаментальныя змены. І як сталася, што ты, гісторык па адукацыі, настаўнік, стаў галоўным рэдактарам “Нівы”?

Яўген Вапа: Нічога дзіўнага, бо перад тым галоўным рэдактарам “Нівы” быў Яўген Мірановіч – прафесар гісторыі, дарэчы. У Літаратурным інстытуце вучыўся Георгій Валкавыцкі, ён быў дасведчаны ў гэтай справе. І ён атрымаў як сваю задачу ў 1956 годзе і пасля смерці Сталіна рыхтаваць выданне “Нівы”. І спадар Віталь Луба – гэта філолаг па адукацыі. А тое, што гісторыя, яна пэўным чынам працягвае той напрамак, які папярэднікі рабілі. Што для нас найважнейшае – захаваць нашу памяць у выглядзе папяровым – у выглядзе газеты, а таксама кніжак. Бо мы дасканала разумеем, што мы  – “апошнія з магікан”, нам прыйдзецца калісьці развітацца з гэтым светам у сітуацыі без апірышча звонку, маючы русіфікацыю ў Беларусі, якая працягваецца надалей. І нас зараз ужо так мала, як беларускай меншасці, дэмаграфічныя працэсы, якія ідуць у самой Польшчы і Еўропе, яны негатыўна ўплываюць на сітуацыю.

І калі вяртацца да пачатку “Нівы” і выхаду яе ў свет, то трэба сказаць, што як на тыя часы гэта была вельмі прафесійна падрыхтаваная, гаворачы сённяшняй мовай, піяр-кампанія, якая папярэднічала выхаду газеты. Бо рэклама, што падпішыцеся на газету, з’явіцца “Ніва”, яна ішла некалькі месяцаў, ва ўсіх паштовых аддзяленнях былі аб’явы, у іншых газетах, пра гэта гаварылася, нават пісьманосцы ўступілі ў сваё спаборніцтва, у каго больш падпішацца на “Ніву”, бо былі абяцаныя ўзнагароды, прэміі. Вядома, графіка была ідэальная. Усё рабілася паводле добрых стандартаў. Але была адна праблема – бракавала журналістаў, якія пішуць па-беларуску. І вяртаемся з таго часу, што людзей, якія ўмеюць пісаць па-беларуску, сярод нашай беларускай меншасці, якія ўмеюць зацікавіць, паехаць, іх няма. Журналістыка знаходзіцца на мяжы вымірання за кошт зусім іншых форм перадачы інфармацыі. Але я лічу, што роля “Нівы” ёсць такая, што яна вечная і будзе вечнай.

РР: І што не заменіць нас усё ж такі штучны інтэлект. Але яшчэ адно пытанне: што было самым цяжкім дасведчаннем у тваёй працы рэдактарам “Нівы”?

Яўген Вапа: Для мяне і надалей штогод ёсць самым цяжкім дасведчаннем, што мы цягам гадоў, калі я прыйшоў у “Ніву”, калі расце інфляцыя, мы штогод рэальна маем менш грошай, мы не маем за што выдаваць “Ніву”, не маем магчымасці годна заплаціць журналістам. Усё патрабуе грошай, нават рэкламу падпіскі зрабіць. І гэта ёсць боль усіх, хто ведае і разумее, што мы не паспяваем за тэхнічнымі пераўтварэннямі. Але калі я гляну, якія ёсць тыражы прэсы, якая выходзіць, то наш яшчэ выглядае годна.

РР: Якія мэты ставіць перад сабой тыднёвік зараз?

Яўген Вапа: Для мяне і, думаю, для рэдакцыі ў наш час – гэта захаваць беларускі час, час беларускай меншасці ў Польшчы. Апісаць яго рытм, функцыянаванне і даць магчымасць на “Ніве”, разам з “Нівай” тым, хто хоча, вывучаць беларускую мову, стаць беларусам разам з “Нівай” і быць надалей беларускай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Андрэй Сцепанюк, Беларускае Радыё Рацыя