Бібліятэка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» папоўнілася новай адметнай кнігай. Ёй сталі ўспаміны Мікалая Панфілюка «Мой лёс – Дубічы-Царкоўныя». Аўтар не проста прыхільнік Падляшша, а даўні падпісчык і карэспандэнт «Нівы», да таго ж які працаваў паштальёнам у родным мястэчку, якога чакалі і любілі землякі.

Пра кнігу паразмаўлялі з яе рэдактарам Міхалам Андрасюком.
РР: Як увогуле нарадзілася ідэя ўкласці і выдаць кнігу Мікалая Панфілюка? Што было штуршком да стварэння гэтай кнігі?
Міхал Андрасюк: Для мяне гэта была просьба Яўгена Вапы, галоўнага рэдактара «Нівы». Чаму ён звярнуўся да мяне? Як патлумачыў, таму, што мы землякі з аўтарам. Я з Войнаўкі, ён з Дубіч-Царкоўных – гэта побач. Ты, – як сказаў Яўген, – напэўна добра зразумееш гэтыя тэксты, ты ведаеш, што там істотнае, што варта ўзяць у кнігу, а чаго можна і не браць, бо тэкстаў было так шмат, што не ўсе яны маглі ўвайсці пад адну вокладку.
А цяпер я ўжо ведаю, рэдагуючы, што стымулам для Мікалая Панфілюка, каб выдаць гэтую кнігу, былі словы ягонага сына Уладзіміра, які кажа: тата, ты так шмат напісаў, гэта дзесці застаецца расцярушаным у газетах, а варта гэта сабраць пад адну вокладку, каб гэта не прапала, гэтыя твае запісаныя словы пра людзей, якія тут жылі ў Дубічах, побач з Дубічамі, каб памяць пра іх засталася, бо гэтыя гісторыі нідзе не знойдзеш, у ніякім падручніку, ні ў якіх навуковых працах. Гісторыя вёскі, так, шмат хто яе даследаваў. Але лёсы звычайных людзей, звычайных Колі, Грышы, Мані, Гандзі… А яны людзі цікавага лёсу.
І калі я пачаў уважліва чытаць гэтыя тэксты і рэдагаваць іх, то сапраўды, так яно і ёсць. Гэта цікавыя лёсы. Ва ўспамінах Мікалая Панфілюка, якія друкаваліся ў «Ніве», шмат было вялікай гісторыі – там Сталін, Гітлер, і ўсе гэтыя Рузвельты. Я пакінуў у кнізе толькі тое, што датычыць нашых людзей – іх жыццё, іх лёсы і вялікая гісторыя ў фоне. Дзесьці там у фоне вядома яна ўплывала на жыццё нашага падляшскага насельніцтва.

РР: Што можна сказаць пра самога аўтара? Кім ён быў, чаму пісаў па-беларуску, пра яго адукацыю, як жыў, дзе жыў?
Міхал Андрасюк: Што цікава, гэта звычайны чалавек. Без адукацыі, можна сказаць. Ён закончыў сем класаў пачатковай школы. Калі ён вучыўся ў шостым класе, здарыўся кашмарны выпадак – ён патрапіў у жніво ў касілку. Яго моцна пабіла гэтая касілка. Ён год не хадзіў у школу. Вярнуўся ў сёмы, у апошні тады, клас. Ён раней вельмі добра вучыўся, вельмі шмат чытаў, быў выдатным вучням. Але пасля вяртання, пасля лячэння і рэабілітацыі, калі вярнуўся ў сёмы клас, як сам сказаў, ужо навука яму была не такая цікавая. Ён тады вырашыў, што заканчвае сёмы клас і ўсё, і далей нікуды не збіраюся, хаця раней такія планы былі.
Ён закончыў сёмы клас і застаўся з бацькамі на сваёй сельскай гаспадарцы – касіць, сеяць, араць. Паўтараць сцежкі продкаў. Але пазней стаў лістаношам. І аказалася, гэта было яму проста наканаванае. Штодзённыя сустрэчы з людзьмі, штодзённыя гутаркі. А лістаноша — гэта такі асаблівы спавядальнік, людзі рассакрэчваюцца перад ім, сваё жыццё адкрываюць, проста душу і сэрца. Калі заходзіш у тую ж хатку адзін год, другі, пяты, дзясяты, то людзі могуць распавесці такое, што, як я жартаваў, не скажаш ні пракурору, ні жонцы нават, а лістаношу так.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






