Госць Рацыі — пісьменнік і журналіст Міхал Андрасюк, у якога гэтымі днямі выходзіць па-польску зборнік апавяданняў «Żubr i inne opowiadania».
РР: Ёсць выдатная нагода пагутарыць — заўтра адбудзецца сустрэча ў Нараўцы з нагоды кнігі, якая называецца «Żubr i inne opowiadania». Гэта пераклады з беларускіх арыгіналаў. Гэтыя апавяданні ўжо вытрымалі гадоў дваццаць. Яны былі апублікаваныя ў першых кнігах. Тыя кнігі ўжо сталі рарытэтамі.
Міхал Андрасюк: Дваццаць і больш. Бо гэта з дзвюх кніг – «Фірма», выйшла ў 2000 годзе, гэта ўвогуле першая мая кніга. І другая – «Мясцовая гравітацыя», яна выйшла ў 2004 годзе. Так што гэтым апавяданням чвэрць стагоддзя, і нават крыху больш. Бо першыя апавяданні, якія ўвайшлі ў «Фірму», друкаваліся ў нашым беларускім штотыднёвіку «Ніва» у Беластоку ў 90-ыя гады – 95-96-ы. І набралася іх столькі, што можна было скласці зборнік апавяданняў. Так што ім ужо пад трыццаць.
РР: Што змяніў у гэтых тэкстах польскі пераклад? Ці актуалізаваліся яны, ці набылі яны нейкія новыя фарбы, новыя прачытанні, гучанні?
Міхал Андрасюк: Гэта для мяне быў вельмі цікавы досвед – пачытаць, як гэта гучыць у польскім перакладзе, і ўвогуле пачытаць сябе ранейшага, ранейшага на чвэрць стагоддзя.
РР: І наколькі гэта быў іншы чалавек?
Міхал Андрасюк: І гэта быў іншы чалавек сапраўды. Сёння я б штосьці так не сказаў, як сказаў тады. Сёння я не пазнаў бы маё мястэчка, якое было вельмі аўтэнтычнае і сапраўды верна адлюстраванае ў апавяданнях. Усё змянілася. Сёння таксама іначай пішу. Што тады было самае цікавае. Што мяне тады цікавіла. Такі баланс паміж формай і зместам, дзе часам быў перахіл у бок формы. Шматпавярховыя сказы, барока нейкае, заблытаны сказ, чаго цяпер не зрабіў бы.
РР: З гадамі вы сталі прасцей? Так?
Міхал Андрасюк: Такое ўражанне, што так. Ну і гляджу таксама з перспектывы гадоў на герояў гэтых апавяданняў. Дзе яны сёння. Куды іх лёс завёў.
РР: Гэта ўсё рэальныя прататыпы? Рэальныя людзі?
Міхал Андрасюк: Скажам, большасць. Не ўсе, але большасць. Увогуле мястэчка на парозе палітычнай і эканамічнай трансфармацыі ў Польшчы. Ідуць 90-ыя гады. Гэтае мястэчка заходзіць у такі як бы новы кабінет і азіраецца па баках. Ну нейкі капіталізм да нас прыйшоў. І што гэта такое гэты капіталізм і гэтыя людзі? Як яны сутыкаюцца з рынкавай эканомікай?
РР: І побач з гэтым мястэчкам пралягае мяжа. І ўжо не з СССР, а з Беларуссю на той час.
Міхал Андрасюк: Таксама. Хаця як раз у гэтых кнігах мяжа яшчэ была дзесьці там у фоне.
РР: Кантрабандыстаў там няма, “чаўнакоў”?
Міхал Андрасюк: Не, няма. Больш мяжы будзе ўжо ў чарговай кнізе «Белы конь», якая выйшла ў 2006 годзе. Там была мяжа такім асноўным героем кнігі.
РР: А зарыентуйце нас у мясцовай геаграфіі. Што гэта за мястэчка і дзе яно знаходзіцца.
Міхал Андрасюк: Мястэчка Гайнаўка – гэта маё роднае мястэчка, дзе я нарадзіўся, на ўскраіне Белавежскай пушчы. Беларуская мяжа там на адлегласці 20 кіламетраў. Але маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Войнаўка. Гэта толькі два кіламетры да беларускай мяжы. А напрамкі нават не поўныя два кіламетры.
РР: Пераклад рабіў таксама наш калега – Марцін Рэмбач. І цікава, з якімі цяжкасцямі ён сутыкнуўся? Ці заўжды знаходзіліся польскія адпаведнікі пэўным выразам, словам, якія вы ўжывалі ў арыгінале?
Міхал Андрасюк: Трэба было скарыстаць часам па аналогіі польскія прымаўкі беларускім. Не заўсёды яны супадаюць. Трэба было шукаць польскі аналаг, каб ён быў зразумелы польскаму чытачу. Ці, скажам, герой гаворыць вершам, і трэба было зрабіць пераклад гэтага верша. Гэта раз. Ёсць там апавяданне, якое мне вельмі падабаецца. Падабаецца пераклад гэтага апавядання. У арыгінале яно называлася «Крах», а ў перакладзе на польскую мову «Upadek». Герой гэтага апавядання чалавек, які выходзіць з рабочых, і пераходзіць у бок гэтай местачковай эліты. Гэта інжынеры, мясцовыя літаратары, лекары, дырэктары – такая местачковая эліта. І ён уваходзіць у гэты свет. І адыходзіць ад сваёй мовы рабочага. І спрабуе засвоіць мову гэтай эліты. І тут вельмі важна было адлюстраваць гэтую мову па-польску, каб нічога не згубіць. Дасканала гэта ўдалося Марціну.
Цалкам размова:
12 ліпеня а 18-й гадзіне запрашаем у галерэю «Нараўка» імя Тамары Саланевіч на сустрэчу з Міхалам Андрасюком.
Беларускае Радыё Рацыя